Сувязь – гэта назаўсёды! Сённяшняя рэтрафотатэка прысвечана тым, хто заўсёды дапамагаў быць землякам на сувязі

Сённяшняя рэтрафотатэка прысвечана тым, хто заўсёды дапамагаў быць землякам на сувязі. І працягвае гэта рабіць – з уласцівым для іх знакам высокай якасці.

Сёння мы, «абкладзеныя» з усіх бакоў гаджэтамі, карыстаемся шматлікімі мэсэнджарамі, трымаем анлайн-сувязь з роднымі і блізкімі з другога канца свету. І нават не можам уявіць, што раней магчымасць пачуць на другім канцы проваду чаканае «алё» ўспрымалася як шчасце. Дарэчы, радыё ў 60-я таксама было раскошай, якую магла сабе дазволіць не кожная сям’я. Пра тое, як пашыралася тэлефонная сетка Ляхавіччыны, даведаемся з успамінаў землякоў.

Мікалай Грынь, былы электраманцёр Ляхавіцкага РВЭС:

– Мне пашчасціла назіраць за тым, як Ляхавічы літаральна станавіліся «тэлефоннымі». У 1970 годзе пасля заканчэння Брэсцкага вучылішча сувязі па размеркаванні трапіў на працу ў Баранавіцкі эксплуатацыйна-тэхнічны вузел сувязі, пад кантролем якога на той момант былі Баранавіцкі, Ганцавіцкі, Івацэвіцкі і Ляхавіцкі раёны. Так я пазнаёміўся і застаўся на ўсё жыццё ў горадзе, які сёння па праву называю любімым і родным. У тады яшчэ Ляхавіцкі лінейна-тэхнічны цэх сувязі ўладкаваўся электраманцёрам. Узначальваў цэх Вячаслаў Мітрушкін.
На пачатку 70-х у раёне дзейнічала каля дзясятка сельскіх тэлефонных станцый, што абслугоўвалі каля 500 нумароў. Тэлефоны былі толькі ў саўгасах, у дамах пачалі з’яўляцца пазней. Даводзілася абслугоўваць апаратуру, рамантаваць АТС, наладжваць сувязь паміж населенымі пунктамі, устанаўліваць тэлефонныя апараты. Усё гэта было замацавана за лінейным участкам.
Успамінаю былых калег, якія таксама «зялёнымі» пачыналі пацвярджаць тэорыю на практыцы: Рэгіна Маркушэўская, Леанід Асімовіч, Любоў Асімовіч (дарэчы, яе голасам гаварыла раённая радыёкропка).
Некалі ў райцэнтры была толькі адна тэлефонная станцыя на 500 нумароў. Цэх сувязі размяшчаўся па вуліцы Савецкай і толькі пачынаў пераязджаць па сённяшнім адрасе. Колькасць сельскіх станцый павялічвалася, а значыць, была патрэба ў прафесіяналах, якія будуць іх абслугоўваць. Так і пашыраліся: падключалі Малое Гарадзішча, Навасёлкі, Тухавічы, Ліпск, Галаўнінцы, Флер’янова, Тальмінавічы. У брыгадзе працавалі чатыры манцёры.
Спачатку да населенага пункта спецыялісты дабіраліся на грамадскім транспарце. Пасля выдалі новенькія мапеды, стала значна лягчэй і зручней. А як радаваліся, калі атрымалі аўтамабіль «Масквіч».
Працаваць было складана, але надзвычай цікава. Па-першае, у цэху шчыравалі сапраўдныя профі: Аляксей Русак, Іван Грамак, Вацлаў Коктыш, Вячаслаў Лапыр. Падтрымлівалі, падказвалі, вучылі. Адным словам, працавалі камандай.
Дарэчы, сувязісты дапамагалі ствараць раённыя і гарадскія святы. Па многіх адрасах падключалі сваю перасоўную электрастанцыю, апаратуру сувязі – так гучала музыка і працавалі мікрафоны. Ні адзін Дзень Перамогі на Кургане Славы, святочны парад у горадзе, спартыўнае спаборніцтва не абыходзіліся без супрацоўнікаў вузла сувязі.
Тэхналогіі мяняліся, на змену старой апаратуры прыходзіла новая, сучасная, кабель замяняўся оптавалакном, прыходзілася адпавядаць часу. Узнікла патрэба ў кваліфікаваных кадрах, асабліва з вышэйшай адукацыяй. Да сувязі далучыліся Васілій Ракашэвіч, Міхаіл Шаўлінскі, Міхаіл Шахмуць, Раман Пішч і іншыя.
Шчыра сказаць, заўсёды захапляўся працай і майстэрствам таварышаў па цэху – лінейшчыкаў. І ў дождж, і ў снегапад, і ў самае нялётнае надвор’е – яны на перадавой.

Генадзій Вішнеўскі, былы начальнік лінейна-тэхнічнага ўчастка:

– Калі працаваў у сувязі, не думаў, што гэта стане справай усяго жыцця. Пачынаў з будаўніцтва ліній сувязі, якія тады, у 1977 годзе, былі паветранымі. Пасля вучобы размеркаваўся ў спецыялізаванае будаўніча-мантажнае ўпраўленне. У службовых абавязках – ад правядзення зямельных работ да ўстаноўкі тэлефонных апаратаў.
Памятаю, як наладжвалі сувязь паміж саўгасам «Адахаўшчына» і Ляхавічамі. За цуд лічылі, калі на пустым месцы ўзводзілася АТС, няхай і невялікая (усяго на 50 нумароў), калі ў дамах устанаўлівалі тэлефонныя апараты і набіраўся першы нумар абанента. За шчасце было мець дома дыскавы тэлефонны апарат.
З 1983 года працаваў у Ляхавічах электрамеханікам лінейных і станцыйных збудаванняў сувязі. Пазней узначаліў лінейна-тэхнічны ўчастак.
Калі прасачыць развіццё сувязі па дзесяцігоддзях, 70-я адзначаны будаўніцтвам і абслугоўваннем паветраных ліній сувязі. У 80-я пачынаецца замена паветраных ліній на кабельныя.
Безумоўна, не хапала тэхнічных сродкаў у сілу не надта багатай матэрыяльнай базы. Але ж сувязь была і наладжвалася, стараліся, як маглі.
90-я сталі прарывам у сувязі – інтэрнэт змяніў многае ў нашым жыцці. І ў першую чаргу, змяніў прынцып працы. Прыйшлося адаптавацца і да яго ўмоў. Новае абсталяванне вывучалі і ўкаранялі ў паўсядзённае жыццё. Спачатку інтэрнэт стаў неад’емнай часткай кватэрнага сектара ў райцэнтры, пасля сталі далучацца і сельскія адрасы.
На перадавой заўсёды былі (а многія працуюць і дасёння) Віталій Баркоўскі, Дзмітрый Тарлюк, Сяргей Чаранкевіч, Генадзій Субоцкі, Аляксей Петух, Віктар Ракашэвіч, Віктар Масель, Юрый Буйкевіч. Дарэчы, калектыў адзначаўся высокім сяброўствам, заўсёднай падтрымкай, надзейным супрацоўніцтвам і, што вельмі важна, настаўніцтвам.
2000-я таксама адзначыліся прарывам. Валаконна-аптычныя лініі сувязі зноў прымусілі працаваць па новых умовах. А, адпаведна, і з новай апаратурай. Але, незалежна ад відаў ліній сувязі, тэхналогій і сродкаў, супрацоўнікі РВЭСа заўсёды працавалі старанна і адказна, стараліся не падвесці сваіх абанентаў. Таму справядлівым будзе выказванне: сувязь заўсёды была, ёсць і будзе.

Запісала Маргарыта КУХТА.