Прывітанне, Таня!

Так павялося, што 25 студзеня лічаць сваім днём не толькі Таццяны, якія адзначаюць імяніны, але і ўсё студэнцтва. Так што ў нашай зямлячкі Таццяны Малахвей двайное свята

Прыгожае, але, на жаль, рэдкае па сённяшнім часе імя міжволі выклікае трывалыя асацыяцыі з вядомым творам Аляксандра Пушкіна. Але ўсё ж з вобразам анегінскай наша Таццяна не надта атаясамліваецца.
Школьная выдатніца (сярэдні бал атэстата 9,6) заўсёды аддавала перавагу дакладным навукам і выбрала для сябе не зусім дзявочую прафесію інжынера-чыгуначніка, якую зараз атрымлівае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту.
Вучыцца з захапленнем (нават станавілася пераможцай алімпіяды ВНУ па веданні правілаў тэхнічнай эксплуатацыі чыгункі), паспяхова спраўляецца з абавязкамі старасты інтэрната, мэтанакіравана рыхтуецца да магістратуры і марыць пра працу ў метрапалітэне. А яшчэ стараецца заўсёды знаходзіць час для хобі. Яно таксама не зусім дзявочае: Таня захапляецца дзюдо, самба і вольнай барацьбой, яе партрэт упрыгожвае спартыўную дошку гонару ўніверсітэта.
Такія яны, нашы сённяшнія Таццяны.

Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.