Экскурсія без цырымоній. Напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у аддзеле загса райвыканкама прайшоў дзень адчыненых дзвярэй

Сведкі чалавечых лёсаў – так часам называюць сябе работнікі аддзелаў загса. І сапраўды, у аддзеле запісу актаў грамадзянскага стану кожны чалавек атрымлівае свой першы дакумент, тут жа занатоўваецца, калі яго зямны шлях заканчваецца.

Пра сваю работу ў мінулую пятніцу навучэнцам СШ № 2 расказала начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік падчас штогадовага дня адчыненых дзвярэй. Вольга Іванаўна правяла экскурсію для старшакласнікаў у сваім кабінеце і зале ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу.

Улічваючы, што сустрэча прайшла напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі ляхавіцкай купалаўкі падрыхтавалі для рабят цікавую інфармацыю пра галоўны дакумент краіны.

Таксама Вольга Новік расказала рабятам пра тонкасці заключэння шлюбу, дзе можна арганізаваць выязную цырымонію, у якіх выпадках можна памяняць імя ці прозвішча, якая адукацыя павінна быць, калі хочаш стаць рэгістратарам у загсе і многае іншае.

Школьнікам паказалі пашпарты розных гадоў: рабяты змаглі паглядзець, як мяняўся дакумент на працягу амаль стагоддзя.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота аўтара.