Сэрца аддаваць людзям. Трэці год прозвішчы прадстаўніц прыгожай паловы Ляхавіччыны гучаць сярод пераможцаў абласнога этапу конкурсу «Жанчына года»

Трэці год прозвішчы прадстаўніц прыгожай паловы Ляхавіччыны гучаць сярод пераможцаў абласнога этапу конкурсу «Жанчына года». Сёлета – не выключэнне.

16 сакавіка са сцэны Дома культуры чыгуначнікаў у Брэсце аб’явілі, што ў намінацыі «сэрца аддаю
людзям» другое месца заняла галоўная медыцынская сястра Ляхавіцкай райбальніцы Ала Туркіна. Дарэчы, намінацыя гэта ўведзена ў конкурс упершыню.
Усяго ж на статус лепшых у шасці намінацыях прэтэндавалі 45 ініцыятыўных, нераўнадушных жанчын
з актыўнай жыццёвай пазіцыяй з усёй Брэстчыны. Сярод намінантаў і яшчэ дзве нашы зямлячкі – дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Равінская і намеснік дырэктара Дараўскага ВПК «дзіцячы сад – сярэдняя школа», кіраўнік раённага рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні Святлана Бірукова. Пазнаёмімся з імі бліжэй.

Медык высокага класа

Сказаць, што галоўная медсястра ЦРБ Ала Туркіна жыве работай – нічога не сказаць. Яна з тых, для каго працоўны графік не ўкладваецца ў вызначаныя рамкі, а пасля плённага працоўнага дня «пракручвае» зробленае і плануе заўтрашні.
У медыцыне Ала Мікалаеўна без малога 35 гадоў, з якіх 15 адказвае за малодшы і сярэдні медперсанал райбальніцы.
Яе працоўная біяграфія пачалася пасля атрымання дыплома Баранавіцкага медвучылішча з пасады старшай медсястры акушэрска-гінекалагічнага аддзялення Ляхавіцкай райбальніцы. Для маладога спецыяліста старт быў даволі адказны. І яна не падвяла. Захопленая справай, не выдзяляла галоўных і другасных абавязкаў, а старалася стаць профі. Калег прыцягвалі яе камунікабельнасць, стараннасць і ўменне наладзіць работу.
Жаданне дапамагаць, самаўдасканальваць веды і ўменні раскрыліся і на пасадзе старшай акушэркі.
Сёння гэта ўжо старонкі працоўнай біяграфіі адданага сваёй прафесіі медыка, які паставіў на першы план дапамогу людзям. У адзін рад з прафесійнымі якасцямі Ала Мікалаеўна ставіць міласэрнасць і ўменне спачуваць іншым.
У рабочым плане галоўнай медсястры сярод шэрага абавязкаў і складанне заявак на медыкаменты, абсталяванне, забеспячэнне належнай працоўнай дысцыпліны, захаванне ўстаноўленага санітарна-супрацьэпідэмічнага рэжыму ў медустановах і многае іншае. У Алы Мікалаеўны ўсё раскладзена па паліцах і ў строгім парадку.
Патрабавальная да сябе, трымае гэту планку і ў адносінах да іншых. Для сваіх падначаленых яна не толькі аўтарытэтны кіраўнік з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, але граматны настаўнік, дарадца і добразычлівы чалавек.
У яе падначаленні 580 чалавек.
Галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч адзначае, што Ала Туркіна – медык высокага класа, на якім у бальніцы трымаецца многае. Мэтанакіраваная, творчая і ініцыятыўная, выдатны арганізатар. Здаецца, няма такога пытання, якім бы не валодала Ала Мікалаеўна. Працаваць з ёй лёгка і прыемна.
Туркіна заўсёды ў гушчыні падзей, клопатаў і інтарэсаў, у тым ліку грамадскіх. Невыпадкова, што ў 2016 годзе землякі дэлегавалі яе на Усебеларускі народны сход.
У прафесійнай скарбонцы медыка – ўзнагароды рознага ўзроўню, сярод якіх на ганаровым месцы Падзячнае пісьмо Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Падзяка міністра аховы здароўя. Партрэт Алы Туркіной быў занесены на Галерэю славы раёна.
Яе шчасце, натхненне – сям’я і родныя. З імі ўсё па сілах.
Расказ быў бы няпоўным, калі не ўзгадаць пра дызайнерскія ўменні Алы Мікалаеўны. Кветкавае афармленне ля райбальніцы – яе заслуга. У поўнамаштабным фармаце талент ствараць прыгажосць раскрыты ў бацькоўскай сядзібе ў Баранавіцкім раёне – і гэта асобны штрых да шматлікіх якасцяў Алы Туркіной.
– Прыемна, канешне, быць сярод лепшых. Рада, што прагучала наша Ляхавіччына. Лічу гэта заслугай не асабістай – маіх калег, сяброў і ўсяго калектыву. Намінацыя «сэрца аддаю людзям» сёння для мяне, медыка, гучыць як настаўленне. У гэты  неспрыяльны эпідэміялагічны час на нас ускладзена асаблівая адказнасць.

Намінуецца кіраўнік

Таццяна Равінская ацэнку сваёй кіраўніцкай дзейнасці атрымала ў 2018 годзе –  па выніках працы ў намінацыі «занятасць, сацыяльная абарона насельніцтва» дырэктару ТЦСАН было прысвоена ганаровае званне «Чалавек года». Які ён, паспяховы кіраўнік? Таццяна Мікалаеўна пяць гадоў на чале ТЦСАН і на пытанне адказвае так:
– Час дыктуе новыя ўмовы працы. Кіраўнік у адказе і за мікраклімат у калектыве, і за працоўны настрой. Камандна-кантрольны метад кіравання сёння не ўпісваецца ў сучасную структуру грамадства. Узаемаадносіны павінны будавацца на партнёрстве. Патрабуецца ўменне браць адказнасць і прымаць рашэнні, правільна вызначыць прыярытэты і актыўна дзейнічаць.
ТЦСАН – падраздзяленне сацыяльна важнае. Сюды ідуць пажылыя і адзінокія, тыя, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і для каго пенсія – пачатак жыцця. Кожны, хто звярнуўся, абавязкова атрымае ад спецыялістаў цэнтра кампетэнтны адказ на хвалюючае пытанне. У зладжанай рабоце калектыву вялікая заслуга і дырэктара.

Ацэнка духоўнасці

Прыгажосць і шчасце прафесіі настаўніка ў тым, што ён вучыць дзяцей жыць, лічыць намеснік дырэктара Дараўскага ВПК Святлана Бірукова.
27 гадоў яна ўваходзіць у клас і з радасцю вітаецца са школьнікамі. Настаўнік англійскай мовы выкарыстоўвае ў практыцы розныя метады і прыёмы – усё дзеля таго, каб школьнікі былі актыўнымі ўдзельнікамі навучальнага працэсу. Сярод іх праект, гульнёвыя формы, дэбаты і дыскусіі…
Святлана Сяргееўна ў конкурсе «Жанчына года» раённай арганізацыяй БСЖ прадстаўлена ў намінацыі «духоўнасць і культура». І гэта невыпадкова. Каля дзесяцігоддзя Дараўскі ВПК супрацоўнічае з мясцовым праваслаўным прыходам. Вынікам такога супрацоўніцтва стала адкрыццё летась на базе ўстановы раённага рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні, работай якога кіруе Святлана Бірукова. Заняткі тут пабудаваны не на класна-ўрочнай сістэме, а на цікавых размовах на праваслаўныя тэмы, занятках са свяшчэннаслужыцелямі, спартыўных спаборніцтвах і экскурсіях.
Калі навучанне – гэта прафесійнае прызванне Святланы Біруковай, то выхаванне духоўнасці – патрабаванне сэрца і душы. Умее знайсці ў размове з рабятамі тыя важныя словы, якія настаўляюць, кранаюць і накіроўваюць.

– Нашы зямлячкі таленавітыя і ўнікальныя. Яны цудоўныя кіраўнікі, выдатныя маці, адметныя працаўніцы. Клапатлівыя, пяшчотныя і нераўнадушныя. Рада, што пра ляхавічанак ведаюць і за межамі раёна. І ў гэтым, лічу, немалая заслуга раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, – падкрэслівае старшыня раённай арганізацыі БСЖ Вольга Бурак.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.