Адчыніць дзверы ў прафесію.У мінулую суботу гасцей запрасіў Ляхавіцкі аграрны каледж

Некалькі месяцаў засталося да важнага перыяду для выпускнікоў: экзаменаў, цэнтралізаванага тэсціравання і выбару навучальнай установы. Для тых, хто яшчэ не да канца вызначыўся, з якой прафесіяй хоча звязаць жыццё, арганізоўваюцца дні адчыненых дзвярэй. Канцэрт, экскурсіі па лабараторыях, інтэрактыўныя пляцоўкі – выкладчыкі і навучэнцы мясцовага каледжа сур’ёзна падрыхтаваліся да сустрэчы з патэнцыяльнымі абітурыентамі.

На сустрэчу запрасілі выпускнікоў гімназіі, школ горада і раёна. Усяго ў гэты дзень каледж наведалі больш за 160 чалавек. Для юнакоў і дзяўчат была падрыхтавана цікавая праграма, і першы яе пункт – канцэрт у актавай зале.

– Кожны год мы праводзім дзень адчыненых дзвярэй, і для нас гэта сапраўднае свята. Навучальнай установе шмат гадоў, і мы кожны год чакаем рабят, каб даць патрэбныя і карысныя веды будучым работнікам аграпрамысловага комплексу. Спадзяюся, што пасля сённяшняга знаёмства вы падумаеце пра тое, каб зрабіць выбар на карысць працы ў сельскай гаспадарцы, – павітала гасцей дырэктар Ляхавіцкага аграрнага каледжа Алена Абарава.

Хто лепш, чым навучэнцы, раскажа пра жыццё каледжа? Прадстаўнікі розных аддзяленняў падрыхтавалі міні-візітоўкі, у якіх коратка распавялі пра сваю будучую прафесію. З прывітальным словам выступілі і выкладчыкі: расказалі, з чаго пачыналі сваю працу, як трапілі ў каледж. Дарэчы, за час існавання навучальнай установы тут падрыхтавалі  15 тысяч выпускнікоў-аграрыяў. З іх 26 выпускнікоў засталіся выкладаць у родных сценах.

Ёсць у жыцці каляджан месца творчасці. Гэта прадэманстравалі навучэнцы ў сваіх выступленнях: рабяты спявалі, танцавалі, паказвалі гумарыстычныя сцэнкі… Па водгуках юнакоў і дзяўчат, у каледжы выдатныя спартыўныя залы, утульны інтэрнат, заўсёды можна смачна паабедаць у сталовай, а таксама атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі В.

Пасля канцэрта для гасцей працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі спецыяльнасцяў. Выкладчыкі каледжа падрыхтавалі шмат чаго цікавага, а школьнікі змаглі ўявіць сябе ў ролі навучэнцаў каледжа, паўдзельнічаць у майстар-класах.

У агранамічным корпусе рабяты мелі магчымасць паглядзець на калекцыю мінералаў і карысных выкапняў «Малахітавая шкатулка», а таксама даведацца, дзе яны здабываюцца і прымяняюцца. «Пазнаёміцца» з тымі, хто, нягледзячы на маленькі памер, можа нанесці сур’ёзныя страты ўраджаю, дапамагала выстава «Шкодныя госці на палях і ў садзе». Даследчым шляхам вызначыць кіслотнасць і вільготнасць глебы, паглядзець праз мікраскоп на «Дзіўны свет раслін і кветак» – гэта і многае іншае паспрабавалі школьнікі.

Не менш цікавы маршрут быў пракладзены ў ветэрынарна-заатэхнічным корпусе. Тут працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі «Клешч, я цябе бачу», «Трыхінелёз – гэта небяспечна», «Яечныя сакрэты», «Свет навыварат» і іншыя. Юнакі і дзяўчаты змаглі пабываць у вучэбных кабінетах і лабараторыях, пазнаёміцца з іх абсталяваннем і навучальнымі экспанатамі.

Уражанні ад знаёмства з каледжам у школьнікаў самыя станоўчыя. Для многіх ён адкрыўся з новага боку. Ужо зараз заўтрашнія выпускнікі стаяць перад вельмі адказным крокам у сваім жыцці – выбарам будучай прафесіі. Кар’ера заўсёды складаецца з мноства прыступак, адна з якіх – добрая адукацыя. І будзе выдатна, калі для некаторых з сённяшніх школьнікаў гэтым стартам стане Ляхавіцкі аграрны каледж.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.