Дом для шпака. У Ляхавіцкім раёне зноў правялі акцыю «Падтрымаем птушак»

Трэці год аддзел па адукацыі райвыканкама у межах акцыі “Падтрымаем птушак” праводзіць конкурс “Дом для шпака”. Першае крылатае “пасяленне” з’явілася ў Падсаколле. Другое прапісалася ў Рэпіхаўскім парку.


Сёлета школьнікі раёна з бацькамі і настаўнікамі зрабілі больш за 150 домікаў, з якіх 42 журы прысудзіла статус пераможцаў. Менавіта іх ужо засяляюць птушкі ў аздараўляльным лагеры “Чайка”. Астатнія – больш за 120 шпакоўняў упрыгожылі дрэвы ў парку Чарноцкіх і “Парку ветэранаў” у аграгарадку Нача. На працягу двух дзён работнікі камунгаса і мясцовай школы, навучэнцы прыладжвалі домікі.
¬– Можна шмат гаварыць пра тое, што неабходна шанаваць прыроду. А лепш выхоўваць беражлівыя адносіны да яе ўласным прыкладам і далучэннем рабят да сумеснай справы. Упэўнена, што тыя, хто пасадзіў дрэва, змайстраваў сваімі рукамі для птушак домік ніколі не будзе іх псаваць. Ведаю, што такія экалагічныя акцыі дазваляюць рабятам адчуць сябе саўдзельнікам важнай справы і пасля адсочваць лёс кожнай бярозкі-вербы, назіраць за птушыным наваселлем, – падкрэслівае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Начаўскай СШ.