Трансфармавацца, удасканальвацца і не спыняцца. У Брэсце падвялі вынікі работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама

У Брэсце падвялі вынікі работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама за 2020 год, абмеркавалі задачы на будучыню

Мінулы год для сродкаў масавай інфармацыі, а асабліва для рэгіянальных, у многім стаў экзаменацыйна-эксперыментальным. Вялікі аб’ём інфармацыйных нагодаў, новыя формы і метады работы, экспрэс-аператыўнасць у падачы і іншыя новыя рысы медыяполя – усё гэта пра 2020-ы. Няпроста, складана, але разам з тым каштоўны вопыт. Пра тое, што атрымалася за мінулы год, з якімі вынікамі сустрэлі  2021-ы, пра планы і перспектывы на бліжэйшы час – у Брэсце прайшло пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.

Удзел у калегіі прынялі памочнік Прэзідэнта – інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык, галоўны саветнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Канойка, намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Генадзій Барысюк.
Аўдыторыя – работнікі ідэалагічнай вертыкалі: намеснікі старшыняў гар- і райвыканкамаў па сацыяльнай сферы, начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, рэдактары СМІ Брэстчыны.
Завяршэнне трылогіі Года малой радзімы, 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, напружаная эпідэміялагічная абстаноўка і, канешне, галоўная грамадска-палітычная падзея – выбары Кіраўніка дзяржавы – прымусілі СМІ працаваць у новых умовах, якія сёння ўсё часцей называюць інфармацыйнай вайной. Але менавіта гэта сітуацыя, калі на раскачку часу не было, а аператыўнасць і запыт на праўдзівую інфармацыю, меркаванні экспертаў і аўтарытэтных асоб значна адчуваліся, СМІ Брэстчыны знайшлі шляхі эфектыўнай работы.
Як адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Гагакава, СМІ здолелі пераарыентавацца на розныя каналы падачы інфармацыі, пашырыць сваю аўдыторыю за кошт тых, хто актыўна карыстаецца мэсэнджарамі, быць 24 гадзіны ў суткі на сувязі са сваімі падпісчыкамі, пры гэтым зрабіць больш якасным і матэрыял друкаванай версіі.
Пра тое, што медыйная карта Брэстчыны ўсё больш папаўняецца новымі інфармацыйнымі рэсурсамі, сведчылі лічбы, якія ў сваім дакладзе прывяла Таццяна Міхайлаўна.
І гэта не толькі рэсурсы рэгіянальных СМІ, сёння прысутнасць выканкамаў у сацыяльных сетках і мэсэнджарах ужо не навінка. І колькасць падпісчыкаў там унушальная.
Тыражы, насычанасць рэгіянальнай прэсай, прысутнасць аналітычнага і крытычнага кантэнту на старонках выданняў – шмат пытанняў і да традыцыйнай прэсы, ёй складаней за ўсё канкурыраваць у часы інфармацыйных навацый. Але абавязковае існаванне прэсы ў сённяшніх умовах адзначыў эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў  Аляксей Аўдонін.
Работа з моладдзю – гэта асаблівы ідэалагічны напрамак. Аўтапрабегі за мірную і квітнеючую Беларусь, дыскусійныя пляцоўкі, шматлікія патрыятычныя акцыі – пра гэта і многае іншае гаварыў начальнік аддзела па справах моладзі галоўнага ўпраўлення аблвыканкама Ігар Саюк. Асабліва прыемна, што падчас выступлення гучаў і наш, ляхавіцкі, «Адкрыты мікрафон» – як адзін са станоўчых прыкладаў маладзёжных праектаў у рэгіёнах. Менавіта гэту ініцыятыву прапанаваў папулярызаваць Аляксандр Канойка.
Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык адзначыў важнасць і значнасць раённай прэсы асабліва ў кантэксце вырашэння мясцовых праблем. Рэдакцыі – гэта пляцоўкі для грамадскіх абмеркаванняў, таму работу ў гэтым напрамку трэба ўзмацніць.
Трансфармавацца, удасканальвацца і не спыняцца – менавіта гэтыя словы павінны стаць у многім натхненнем і планам на 2021-ы.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.