Удзельнікі «круглага стала» «ЛВ» разважаюць пра хваробы, выкліканыя курэннем

Колькі коп’яў зламана аб праблему курэння! Гарачыя спрэчкі з гэтай нагоды адбываюцца ў сем’ях і сярод суседзяў па пад’ездзе шматкватэрніка, у рабочых кабінетах і на прыпынках грамадскага транспарту, на медыцынскіх форумах і тэлебачанні…
Згодна статыстычных даных, у Беларусі з’яўляюцца курцамі больш як 60 працэнтаў мужчын і кожная пятая жанчына ва ўзросце ад… 15 гадоў. І не ўяўляецца магчымым падлічыць, колькім яшчэ даводзіцца штодзень або час ад часу ўдыхаць тытунёвы дым не па сваёй волі.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць курэнне адной з глабальных пагроз здароўю і дабрабыту насельніцтва планеты.
Мусіць, няма такога курца, які б не ведаў, што цыгарэта шкодна ўздзейнічае на яго здароўе. А вось пра тое, што з ужываннем тытуню звязаны шэраг сацыяльных, эканамічных і экалагічных праблем, задумваюцца нямногія. Як і пра тое, што хваробы, выкліканыя курэннем, цяжарам кладуцца на грамадства і дзяржаву.
Пра гэта і многае іншае  разважаюць удзельнікі «круглага стала «ЛВ».

Леанід ЛАПІЧ,
урач- псіхіятр-нарколаг ЦРБ:

— Курэнне набыло характар тытунёвай эпідэміі, з якой у цеснай сувязі знаходзіцца рост сардэчна-сасудзістых, анкалагічных захворванняў, хвароб лёгкіх і заўчасных смерцяў ад іх.
У дыме цыгарэт утрымліваюцца нікацін, аміяк, сінільная кіслата, чадны газ і мноства іншых атрутных рэчываў. Па таксічнасці тытунёвы дым перавышае аўтамабільны ў 4,5 раза. Статыстыка няўмольная: смяротнасць людзей, якія кураць, прама прапарцыянальная колькасці выкурваемых імі цыгарэт. Дарэчы, амаль трэць усіх захворванняў у мужчын пасля 45 гадоў — ад курэння. Цыгарэтны яд дзейнічае на органы слыху, зроку, нюху і г.д., у курцоў развіваецца атэрасклероз, пакутуюць крывяносныя сасуды.
Асаблівую занепакоенасць выклікае павелічэнне колькасці курцоў сярод жанчын: у іх да ўсяго іншага пакутуе і дзетародная функцыя. Калі жанчына выкурвае ў дзень каля 10 цыгарэт, яна можа застацца бясплоднай. Дзеці, маці якіх курылі ў час цяжарнасці, часцей пакутуюць алергіяй, маюць больш «шанцаў» стаць алкаголікамі і наркаманамі.
Вучоныя падлічылі, што пры курэнні ў сярэднім 20 цыгарэт у дзень на працягу 30 гадоў «выкурваецца» 160 кілаграмаў тытуню ці прыкладна 800 грамаў нікаціну. Для чалавека смяротная доза 0,1 грам… Той, хто ўводзіць штодня ў свой арганізм смяротную дозу нікаціну, не гіне толькі таму, што гэтая доза паступае не адразу, а паступова. Выбар чалавек робіць сам: курыць ці паўнацэнна жыць.
Калі вы самастойна не можаце справіцца з тытунёвай залежнасцю, звяртайцеся за дапамогай у наркалагічны кабінет, дзе вам акажуць прафесійную дапамогу, прапануюць медыцынскія прэпараты, якія палягчаюць стан пасля таго, як вы кінулі курыць. На базе паліклінікі дзейнічае школа адмовы ад курэння, куды можа звярнуцца любы жадаючы. Менавіта пасля заняткаў у ёй 50 працэнтаў вучняў выбралі жыццё без цыгарэты.
Прафілактычная дзейнасць урача-нарколага ахоплівае работу не толькі з дарослымі, але і са школьнікамі. Зусім нядаўна, напрыклад, у час сустрэчы з вучнямі СШ №2 гаварылі пра небяспеку курыцельнай сумесі.

Віталій ЦІХАНАЎ,
галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна:
— Курэнне — праблема актуальная ва ўсім свеце. Сёння спажыванне тытуню набыло памеры глабальнай эпідэміі, якая з узрастаючай сілай разбурае краіны і рэгіёны, уносіць свой (не апошні, трэба сказаць) уклад у развіццё хвароб, павелічэнне інваліднасці, непрацаздольнасці, смяротнасці, зніжэнне прадукцыйнасці працы. Адпаведна, і барацьба з курэннем стала сёння справай дзяржаўнай важнасці.
Удасканальваеццца антытытунёвае заканадаўства. У краіне прыняты шэраг нарматыўна-прававых актаў, якія рэгламентуюць дзейнасць, накіраваную на барацьбу з курэннем.
Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 2002 года № 28 «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абарачэння, рэкламы і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў» забаронены продаж цыгарэт асобам да 18 гадоў, уведзены шэраг абмежаванняў, што датычаць рэкламы, бяс-платнага распаўсюджвання цыгарэт (напрыклад, у якасці прызоў пры правядзенні латарэй, гульняў і г.д.), месцаў продажу тытунёвых вырабаў. У Дэкрэце акрэслены месцы, дзе курэнне і наогул забаронена: установы аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту, аб’екты гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва, грамадскага харчавання (акрамя тых, што рэалізуюць тытунёвыя вырабы і маюць спецыяльна абсталяваныя памяшканні з дзеючай сістэмай вентыляцыі), памяшканні органаў дзяржаўнага кіравання, вакзалы, падземныя пераходы, станцыі метрапалітэна і аэрапорты. Курыць забаронена ва ўсіх відах грамадскага транспарту. Гэтыя зоны свабодныя ад курэння ва ўсёй краіне, у тым ліку Ляхавіцкім раёне.
Дарэчы, згодна загаду Мінжылкамгаса, не дапускаецца курэнне ў пад’ездах. За парушэнне вышэй-згаданых забарон прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе штрафу.
У раёне зацверджаны комплексны план барацьбы супраць тытуню на 2011-2015 гады. У ім прапісаны шэраг мерапрыемстваў — ад прафілактычных і асветніцкіх да медыцынскіх. У тым ліку, напрыклад, аказанне меддапамогі тым, хто жадае кінуць курыць. У якасці адказных выканаўцаў праграмы — райЦГіЭ, райбальніца, аддзелы райвыканкама, камунгас, РАНС і РАУС, райкам БРСМ, кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў арганізацый і іншыя. Праграма прадугле-джвае стварэнне ўмоў для абароны здароўя насельніцтва ад наступстваў спажывання тытуню і ўздзеяння тытунёвага дыму.
Адзін з крокаў — размяшчэнне знакаў «Не курыць!» у дзяржаўных і навучальных установах, на тэрыторыі прадпрыемстваў. У калектыўныя дагаворы шэрагу ўстаноў і прадпрыемстваў унесены меры па ўкараненні сістэмы маральных і матэрыяльных заахвочванняў для тых, хто не курыць.
Тым не менш, відавочна, што зробленага для адчувальнага эфекту пакуль мала. Важна, каб да выканання плана далучыліся ўсе службы, арганізацыі. Каб зацікаўленымі ў вырашэнні праблемы былі не толькі тыя, хто згаданы ў плане.

Працяг тэмы чытайце на старонках «ЛВ»

One thought on “Удзельнікі «круглага стала» «ЛВ» разважаюць пра хваробы, выкліканыя курэннем

  • 06/06/2013 в 00:37
    Permalink

    Пока каждый курящий родитель не поймёт опасность сигареты и её последствия, каждое следующее поколение будет курить ещё больше. Невзирая на пол и возраст. Потому что так делали их родители.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *