Прывітанне, доктар! У нядзелю медыкі Ляхавіччыны адзначаюць прафесійнае свята

Разам з калегамі-медыкамі прафесійнае свята заўтра адзначыць загадчык аддзялення ўрача агульнай практыкі райпаліклінікі Яўгеній Мудрагелаў

Яшчэ два гады назад яго статус  быў – малады спецыяліст. Але галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій  Хлябовіч яшчэ падчас размеркавання змог разглядзець у выпускніку Гродзенскага медуніверсітэта не толькі выдатную ўрачэбную падрыхтоўку, прафесійныя навыкі, але і якасці кіраўніка.

Яўгенію Мудрагелаву прапанавалі некалькі месцаў на выбар, у тым ліку ў райцэнтры. Аднак ён вырашыў першы самастойны працоўны вопыт набываць на пасадзе вясковага доктара. І адміністрацыя ЦРБ даверыла яму ўзначаліць адну з буйных сельскіх медустаноў Ляхавіччыны – Ліпскую ўрачэбную амбулаторыю.
Тое, што малады доктар хутка стаў сярод вяскоўцаў сваім, сведчыць мноства станоўчых водгукаў ад яго шматлікіх пацыентаў, якія з пашанай і павагай ставіліся да ўрача. Вельмі ўважлівы, кампетэнтны, добразычлівы, нікому не адмовіць у дапамозе, умее знайсці падыход і да старэнькай бабулі, і да дзіцяці.
Усё сышлося: любоў да медыцыны, павага да людзей, жаданне дапамагаць і пры гэтым не лічыцца з уласным часам. Вырашылася і жыллёвае пытанне – домік з усімі выгодамі ў аграгарадку.
– Каля 1400 чалавек – столькі абслугоўваюць медыкі Ліпскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Большасць зваротаў звязана з сардэчна-сасудзістым профілем. Часта даводзілася выязджаць і па дамах. Плюс да ўсяго – прафілактычная работа. Спраў хапала. Але мне ўсё падабалася, – успамінае першыя крокі ў прафесіі Яўгеній Андрэевіч.
Праз няпоўны год пасля заканчэння ўніверсітэта лёс прызначыў доктару няпростае прафесійнае выпрабаванне. Урач Мудрагелаў разам з іншымі калегамі ўступіў у барацьбу з каранавірусам – уваходзіў у склад так званай кавіднай брыгады, якая абслугоўвала Ліпск, Крывошын, іншыя бліжэйшыя вёскі.
– Не буду ўтойваць – было страшна. Інфекцыя невядомая, лякарства супраць яе няма. Аднак работа ёсць работа. Усё давялося пачынаць з нуля. Справіліся.
У многім дзякуючы зладжаным дзеянням усіх медыкаў і добрай каардынацыі з боку кіраўніцтва райбальніцы, – гаворыць урач.
Не прымусіла сябе чакаць і прафесійнае прызнанне. Мінулым летам Яўгеній Мудрагелаў быў узнагароджаны Граматай галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама. А напрыканцы снежня мінулага года – новае прызначэнне і чарговая прыступка ў кар’ернай лесвіцы – загадчык аддзялення ўрача агульнай практыкі райпаліклінікі.
– Калі шчыра, больш падабаецца непасрэдна ўрачэбная справа, практыка. А ў якасці загадчыка трэба яшчэ займацца і справаздачамі, так званай папяровай работай. Але галоўнае – пашанцавала з камандай, у нас дружнае аддзяленне. Да таго ж заўжды за парадай, прафесійнай кансультацыяй магу звярнуцца да больш вопытных калег. Асабліва ўдзячны Міхаілу Мікалаевічу Куляшову, Георгію Яўгеньевічу Хлябовічу, Алене Вячаславаўне Івановай, Анатолію Лявонцьевічу Панько, – гаворыць Яўгеній Мудрагелаў.
Ні ў якой іншай прафесіі малады доктар сябе не бачыць і не ўяўляе.
– Медыцына і толькі. Захапіўся ёю прыблізна ў класе шостым. Далей ужо мэтанакіравана ішоў да сваёй мары. Рады, што так атрымалася. Да таго ж дзякуючы медыцыне я сустрэў сваю другую палавінку, – расказвае Яўгеній Андрэеевіч.
Ганна Мудрагелава – урач-оталарынголаг Ляхавіцкай ЦРБ. У Ляхавічах маладая сям’я атрымала арэндную кватэру.
– Калі ўсе маладыя спецыялісты, якія прыходзяць на работу ў Ляхавіцкую райбальніцу, будуць такімі ж самаадданымі, уважлівымі, ініцыятыўнымі, мэтанакіраванымі, як Яўгеній Мудрагелаў, то, без перабольшвання, здароўе землякоў і будучыня нашай медыцыны ў надзейных руках. Што тычыцца вопыту, то гэта справа нажыўная. Галоўнае, каб было жаданне дапамагаць людзям і імкненне да прафесійнага самаўдасканалення, – адзначае намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Міхаіл Куляшоў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.