Дапаўненне да сучаснасці. У Ляхавічах з’явіліся шыльды, якія нагадваюць пра гістарычную каштоўнасць збудаванняў

Ляхавіччына – край надзвычай багаты. А што датычыць гістарычнага кантэксту – увогуле пашанцавала. Разнапланавасць архітэктурных стыляў, паданні і легенды, якімі авеяны наш райцэнтр, – гэта і многае іншае робяць нашу кропку на карце турыстычна прыцягальнай і для тых, хто, здаецца, ведае Ляхавічы як свае пяць пальцаў, і хто завітаў сюды ў якасці падарожніка.

На днях каля некаторых будынкаў з’явіліся шыльды, якія чарговы раз нагадваюць пра высокую гістарычную каштоўнасць збудаванняў. На іх – цікавыя гістарычныя факты. Калі ласка, прыпыніцеся на хвілінку і станьце часткай экскурсіі па малой радзіме.
Пакуль такі гістарычны гід маюць шэсць гарадскіх аб’ектаў, і гэта толькі пачатак.
Дарэчы, многія турыстычныя кропкі звязаны з яўрэйскай гісторыяй на ляхавіцкай зямлі, таму менавіта яны могуць стаць часткай турмаршруту, што звяжа суседні – Баранавіцкі – раён з нашым. Але гэта яшчэ ў распрацоўцы.
Варта адзначыць і стыльнае выкананне такіх шыльдаў. Адпаведны выгляд дапамаглі зрабіць камунальнікі.
Цяпер галоўнае, каб шыльдачкі прыцягнулі ўвагу жыхароў і не толькі, і гэта ўвага была звязана з турыстычнай цікавасцю. І ні ў якім разе не сталі аб’ектамі вандалізму…
Таццяна ШЧУКА, галоўны спецыяліст райвыканкама.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.