На варце закона. У Беларусі 26 чэрвеня адзначаюць сваё прафесійнае свята работнікі пракуратуры

Дзейнасць пракуратуры накіравана на забеспячэнне выканання заканадаўства, ажыццяўленне абароны правоў грамадзян, а таксама інтарэсаў грамадства і дзяржавы.
Асноўнымі задачамі пракуратуры з’яўляюцца прафілактыка злачыннасці, а таксама каардынацыя дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні, выяўленні і спыненні карупцыйных праяўленняў ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. У мэтах папярэджання злачынстваў, учыненых на бытавой глебе, пракурорам ужо ў бягучым годзе ўзбуджана тры крымінальныя справы ў адносінах сямейных дэбашыраў.
Генеральным пракурорам у гэтым годзе ўзбуджана крымінальная справа па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, расследаванне якой даручана пракурорам на месцах. Для ўстанаўлення ісціны па справе пракуратура праводзіць допыты жыхароў населеных пунктаў Ляхавіцкага раёна з мэтай атрымання дадатковых, неабвержных даных аб учыненых злачынствах у адносінах да мірнага насельніцтва. Так, ва ўзаемадзеянні з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўстаноўлена магчымае месца масавага пахавання грамадзян у раёне вёскі Новыя Буды, пра якое раней не было вядома.
У сувязі з ажыццяўленнем нагляду ў сферы эканомікі самую пільную ўвагу пракуратура надае пытанням выканання суб’ектамі гаспадарання банкаўскага і падатковага заканадаўства, фінансавай дысцыпліны. Цяпер шэраг сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў раёна мае пратэрмінаваную дэбіторскую запазычанасць, што не застаецца без увагі пракуратуры. З пачатку года пракуратура прад’явіла ў эканамічныя суды тры заявы аб узбуджэнні загаднай вытворчасці на розныя сумы ў інтарэсах суб’ектаў гаспадарання раёна.
Ляхавіцкі раён аграрны. Супрацоўнікі пракуратуры раёна рэгулярна выязджаюць у сельскагаспадарчыя арганізацыі з маніторынгамі, ажыццяўляюць праверкі выканання заканадаўства аб захаванасці ўласнасці, аб працы і нярэдка выяўляюць значныя парушэнні. Напрыклад, у ходзе правядзення пракуратурай наглядна-аналітычных мерапрыемстваў устаноўлена, што службовая асоба аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, жадаючы пазбегнуць матэрыяльнай адказнасці за падзёж жывёлы і спрабуючы перабольшыць сапраўднае становішча справы, скрыла факт падзяжу, унесла недакладныя звесткі ў справаздачныя дакументы. У адносінах яе пракуратура ў чэрвені 2021 года ўзбудзіла крымінальную справу па частцы 1 артыкула 427 КК за ўчыненне службовага падлогу.
У апошні час пракуратура стала больш увагі ўдзяляць выкананню землека-рыстальнікамі зямельнага, а таксама прыродаахоўнага заканадаўства. За мінулы перыяд 2021 года выяўлена больш за восем фактаў парушэнняў зямельнага і прыродаахоўнага заканадаўства, што пацягнула прыняцце мер пракурорскага рэагавання.
Пракуратура раёна і далей будзе прымаць меры па недапушчэнні парушэнняў закона, папярэджанні і спыненні любых супрацьпраўных праяўленняў.
Сяргей ДЗЯЖКО,  пракурор Ляхавіцкага раёна, саветнік юстыцыі.