Малочны сакрэт. На МТФ «Чашчы» яго даўно раскрылі і паспяхова падтрымліваюць статус адной з самых удойных фермаў Ляхавіцкага раёна

Аляксандр Грэсь, Ганна Жалезная, Іна Панова, Ірына Грэсь.

Сучасныя тэхналогіі на службу сельскай гаспадарцы ўкараняюць у ААТ «Жарабковічы». Эканамічныя разлікі пацвярджаюць: для таго, каб працаваць з прыбыткам, немагчыма рухацца па старых рэльсах, неабходна ісці ў нагу з часам і нават на крок наперадзе.

Датычыць такая стратэгія і жывёлагадоўчай галіны. Як прыклад – МТФ «Чашчы». Узведзена яна пяць гадоў назад гаспадарчым спосабам. Укладзеныя ў будаўніцтва і абсталяванне сродкі сталі выгаднай інвестыцыяй.
Яшчэ здалёк прыцягвае вока комплекс збудаванняў, на адным з якіх выдзяляецца шыльда «Прафілакторый для цялят». Далей ідуць цэх вытворчасці малака, раздою і асемянення, сухастойнае аддзяленне і радзільны цэх. На ферме ўсё падпарадкавана тэхналогіі і санітарна-вытворчым патрабаванням. Высокатэхналагічнае абсталяванне для даення, прасторныя памяшканні, пакой для адпачынку работнікаў і прыёму ежы, душавыя, іншае. «Чашчы» – ферма не толькі з устаноўленай сістэмай сучасных інжынерных «фішак», але і відэаназіраннем, што дазваляе кантраляваць усе тэхналагічныя працэсы і выконвае ахоўную функцыю.
МТФ – лідар па надоях у «Жарабковічах». За мінулы год надой на карову склаў 7772 кілаграмы малака. Сёлетні паказчык за пяць месяцаў дасягнуў 3566 кілаграмаў, што на 333 кілаграмы больш за леташні. У 2020-м валавы надой склаў 4586 тон сырадою, за прададзенае на перапрацоўку малако (усё яно ідзе гатункам экстра) прадпрыемства выручыла 1 мільён 428 тысяч рублёў.


У чым сакрэт малочнага «ўраджаю»?
– Высокія вынікі – заслуга, у першую чаргу,  кадравая. Людзі ў нас працавітыя і адказныя. Жывёла спаўна забяспечана кормам. Яго падбору ўвага надаецца самая пільная. Таму і меню ў рагуль збалансаванае, выверанае, – адзначае намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы» Алена Навалочка.
Калектыў МТФ – 31 чалавек, з якіх шэсць спецыялістаў. Узначальвае «Чашчы» заатэхнік па адукацыі Ігар Бубенчык. Кіраўніцтва ААТ пра яго гаворыць як пра прафесіянала сваёй справы, які ўмее і калектыў аб’яднаць, настроіць на працоўны лад, і паказчыкі ўтрымліваць на высокім узроўні. Менавіта з яго прыходам МТФ пачала дэманстраваць добрыя вынікі. Ігар Іванавіч, да ўсяго, не спыняецца ў прафесійным развіцці –  вучыцца ў Гродне на біятэхналагічным факультэце ўніверсітэта.Сапраўдны памочнік і спецыяліст у кіраўніка МТФ таксама кампетэнтны – Валянціна Шпак.
На МТФ «Чашчы» паточна-цэхавая вытворчасць малака з даільнай устаноўкай «Паралель». Пры трохразовай дойцы работа ідзе ў дзве змены. Чатыры дзясяткі кароў абслугоўваюць тры чалавекі, якія адначасова выконваюць асобныя аперацыі. 615 кароў знахо-
дзяцца пад наглядам шасці аператараў машыннага даення. З першых дзён тут старанна шчыруюць Іна Панова, Ганна Жалезная, Алена Орпель, Валянціна Усцінава. На добрым рахунку Таццяна Халопіца.
Заўважыць хворую жывёлу, выдзяліць рагулю на асемяненне, падабраць кармы і многае іншае – у абавязках жывёлаводаў Юліі Бубенка, Наталлі Глазуновай і Кацярыны Бурак, якія са сваімі задачамі спраўляюцца на дзясятку.
З пяшчотай і клопатам да сваіх падапечных адносяцца цялятніцы Святлана Калядзіч і Таццяна Таранда. Працаўніцы вопытныя, яны гадуюць цялят ад нараджэння і да моманту, калі тыя дасягаюць вагі 70 кілаграмаў. Тады цялят пераводзяць пад апеку жывёлаводаў. А да гэтага часу сваіх маленькіх пацыентаў даглядае ўважлівая і нераўнадушная ветурач-тэрапеўт Ала Глобаж.
Высокатэхналагічнае абсталяванне МТФ абслугоўваюць слесары Віталій Рэпін і Сяргей Кендыш.
На высокім узроўні пастаўлена ў «Чашчах» селекцыйная работа. Заслуга ў гэтым сямейнай пары Ірыны і Аляксандра Грэсяў – заатэхніка-селекцыянера і ветурача. Сумесны дуэт, як паказвае практыка, толькі на карысць. У «Чашчах» Аляксандр з 2017 года, а да гэтага працаваў на ферме ў Падлессі. Ірына таксама спецыяліст вопытны, якому хапае работы і з дакументацыяй, і з камп’ютарнай сістэмай кіравання статкам. Грэсі цудоўна спраўляюцца і са службовымі абавязкамі, і з бацькоўскімі – выхоўваюць траіх дзяцей.
Слоў удзячнасці за працу заслугоўвае ўвесь дружны калектыў МТФ. Вынік яго зладжанага і адказнага стаўлення да справы – 24 кілаграмы надоенага малака на карову штодзённа.
У ААТ клапоцяцца пра сваіх працаўнікоў. Кожны дзень на рабочыя месцы дастаўляюцца смачныя абеды, аплата за якія сімвалічная. Плюс гарантаваны сацыяльны пакет, забеспячэнне спецадзеннем і многія іншыя бонусы, у тым ліку і ад прафсаюза.
– Канешне, не параўнаць ферму дзесяцігоддзе назад і сёння. Але многае ўсё ж залежыць ад чалавечага фактара. Калі калектыў працуе добрасумленна, работнікі падтрымліваюць адзін аднаго – такая і аддача, – падкрэслівае намеснік дырэктара ААТ Алена Навалочка.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.