Плюс, якому трэба падрасці. За студзень–ліпень сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Ляхавіцкага раёна надаілі больш за 32,6 тысячы тон малака

Сярэдзіна лета – гарачы сезон працоўных водпускаў у адных і перыяд гарачай працы ў іншых. Гэтымі іншымі з’яўляюцца, у тым ліку і ў першую чаргу, работнікі сельскай гаспадаркі.
У раслінаводстве – уборка збожжавых і зернебабовых культур, корманарыхтоўчая кампанія. Жывёлаводам таксама думаць пра адпачынак ніяк не выпадае. Акрамя таго, што неабходна арганізаваць пашавае кармленне і абавязковую начную падкормку жывёльных статкаў, летнія месяцы найлепш падыходзяць для падрыхтоўкі памяшканняў фермаў да зімы.

Многа гэта ці мала – 32,6 тысячы тон? За тыя ж месяцы летась раённы валавы надой быў горшым усяго на 1,2 працэнта.
– Такую дынаміку складана назваць «жвавай». Тым больш, шэраг гаспадарак раёна не мае і яе, дэманструючы адставанне, –
каменціруе сітуацыю першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій Пыжык. – Не налілося, як след, зерне, тыдні гарачыні «спалілі» прадукцыйнасць статкаў. Жывёлы перажывалі сапраўдны цеплавы стрэс, які з’яўляецца прычынай недаатрымання як удояў, так і прываг. Да прыкладу, у асабліва спякотныя дні жывёла спажывае корму мінімум на чвэрць менш звычайнага. Адпаведна, зніжаецца і атрыманне малака, мяса. Такія, як і любыя іншыя «некарэктныя» расклады, асабліва характэрны для высокапрадукцыйных жывёл –  кароў удойнасцю 7–8 тысяч і больш кілаграмаў малака ў год. Прыкладам можа служыць СВК «Ляхавіцкі». Факт іх пяціпрацэнтнага за сем месяцаў года «прасядання» па малацэ тлумачыцца, у тым ліку, і ліпеньскай гарачынёй. Існуе навукова даказаная заканамернасць: пры павышэнні тэмпературы цела каровы на адзін градус Цэльсія, яе ўдойнасць зніжаецца прыкладна на 2, 2 кілаграма. І чым вышэй – тым больш, – тлумачыць начальнік райсельгасхарчу.
Пры гэтым, чарговы раз нагадвае ісціну – малако ў каровы на языку.
– Усім нам неабходна працаваць над далейшым умацаваннем кармавой базы. Павялічваць плошчы пасеву траў, быць своечасовымі ў правядзенні перазалужэння, звяртаць пільную ўвагу на кампанентны склад пашы і сенажацяў. Быць своечасовымі і дакладнымі ў выкананні тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў. І, канешне ж, нельга дапускаць сітуацыі, падобнай той, што мела месца сёлета, калі асобныя сельгаспрадпрыемсты ўжо ў сакавіку жылі на пакупных травяністых кармах. Такая эканоміка – не эканоміка, –
упэўнены першы намеснік стар-шыні райвыканкама.
На працягу сямі месяцаў года лепш леташняга спрацавалі тры сельгаспрадпрыемствы раёна.
У «Жарабковічах» валавая вытворчасць малака павялічылася амаль на пяць працэнтаў, у «Начы» –  больш чым на восем, а ў «Шляху новым» рост толькі абазначыўся і складае менш за адзін працэнт. Але важна дынаміка і асабліва тое, што гэта няхай і невялікая прыбаўка адбылася па выніках работы ў ліпені. За студзень–чэрвень «Шлях новы» працягваў паказваць адмоўную дынаміку паказчыка валавой вытворчасці малака. Дарэчы, і па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы «Шлях новы» адзначыўся невялікім плюсам – адносна і мінулага года, і першых шасці месяцаў гэтага.
Дарэчы, у плюс у параўнанні з мінулым годам па прывагах
спрацавала і ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс».
– Пра поспехі пакуль гаварыць не даводзіцца. Абодва прадпрыемствы вызначаюцца, калі так можна сказаць, на ўласным невысокім фоне. Так, удойнасць сярэдняй каровы ААТ «Шлях новы» павялічылася за год на чатыры з паловай сотні кілаграмаў малака, «сэрвісаўскай» – амаль на дзве з паловай. Якасць малака вырасла, адпаведна, на 10 і больш як 20 працэнтных пунктаў. Але і зараз не дасягнулі нават сярэднераённага ўзроўню. Ім яшчэ ёсць над чым працаваць. Неабходна ўмацоўваць кармавую базу, адказна адносіцца да састаўлення рацыёнаў і кантраляваць іх дакладнае выкананне на практыцы. Поспех у жывёлагадоўлі на 70 працэнтаў залежыць ад кармоў, 30 працэнтаў складаюць пытанні эфектыўнасці кіравання статкамі. У каровы павінны быць здароўе, кармы і камфортныя ўмовы ўтрымання, – падкрэслівае Васілій Пыжык.

Іван КАВАЛЕНКА.