Нашы на «ПрадЭкспа». Ляхавіцкі кансервавы завод на міжнароднай выставе прэзентаваў сваю прадукцыю

Міжнародная спецыялізаваная аптовая выстава-кірмаш «ПрадЭкспа» –  заўсёды падзея сярод вытворцаў і пастаўшчыкоў прадуктаў харчавання.
З 9 па 12 лістапада ў Нацыянальным выставачным цэнтры свае напрацоўкі і навінкі, сучасныя тэхналогіі чарговы раз прадстаўлялі айчынныя і замежныя вытворцы, абменьваліся вопытам і наладжвалі працоўныя сувязі спецыялісты харчовай галіны.

Сярод экспазіцый – і выстава Ляхавіцкага кансервавага завода. Нашым землякам было чым пахваліцца і што прэзентаваць. Асартымент прадукцыі ўключае больш за сотню найменняў, і сярод яго разнастайныя  соусы і кансервы.
– На «ПрадЭкспа-2021» яны карысталіся асаблівым попытам і выклікалі цікавасць. Перагаворы вяліся з трыма гандлёвымі расійскімі сеткамі. Днямі ім будуць адпраўлены камерцыйныя прапановы, – адзначае дырэктар завода Аляксандр Вашчук.
Галоўны козыр Ляхавіцкага кансервавага – прымальная цана і натуральны састаў. Шматлікія наведвальнікі ляхавіцкага павільёна адзначалі, што агуркі такія смачныя, як дома.
Дарэчы, на выставу-кірмаш у розныя дні выязджала цэлая каманда спецыялістаў завода – усё дзеля вывучэння і абмену вопытам, знаёмства з канкурэнтамі і сустрэчы з калегамі.
– Удзел у такіх спецыялізаваных пляцоўках дазваляе вызначыць свае слабыя бакі, выслухаць пажаданні і нават зрабіць работу над памылкамі. Напрыклад, каб заставацца канкурэнтаздольнымі, задумаліся над новымі варыянтамі ўпакоўкі прадукцыі, будзем распрацоўваць і адметную этыкетку. Адным словам, працягваем заваёўваць рынкі збыту, – дзеліцца Аляксандр Вашчук.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.