Працаваць вынікова і на перспектыву запатрабаваў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар на пасяджэнні гаспадарчага актыву Ляхавіцкага раёна

Нагодай для пасяджэння з удзелам кіраўніка Брэстчыны стала сітуацыя, што склалася апошнім часам у раёне.
— Раён мае добры патэнцыял: зямельныя рэсурсы, людскія — спецыялісты, не горшыя за іншых. Але вынікі работы, трэба сказаць, сумныя, — з першых словаў Канстанцін Сумар даў зразумець: размова будзе сур’ёзнай.
Статыстыка, што прагучала, і сапраўды несуцяшальная. Губернатар нагадаў, што раён мінусуе па многіх пазіцыях, у тым ліку па вытворчасці прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, экспарце. Па гэтых і шэрагу іншых паказчыкаў (рэалізацыя жывёлы, валавы надой малака і г.д.) Ляхавіччына апошнім часам размясцілася ў тройцы раёнаў-аўтсайдараў. Такое становішча працягвацца не павінна, звярнуўся Канстанцін Сумар да старшыні райвыканкама Дзмітрыя Бурдука.
Праблемы, безумоўна, узнікаюць не з паветра, а ўтвараюцца па канкрэтных адрасах, дзе не змаглі, не паспелі, не захацелі зрабіць своечасова і якасна, праігнаравалі рэкамендацыі і патрабаванні, праявілі недальнабачнасць, а часам і элементарную бяздзейнасць.
З лічбамі, якія агучваў кіраўнік вобласці, не паспрачаешся. З 12 гаспадарак раёна толькі 3 забяспечылі прагнозны рост валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Рэнтабельнасць вытворчасці малака ў мясцовых сельгаспрадпрыемствах складае 4,3 працэнта, у той час як у сярэднім па вобласці — 12 працэнтаў. 4 гаспадаркі — «Ліпнянка», «Нача», райаграсэрвіс, «Тальмінавічы» — атрымліваюць стратнае малако, 8 сельгасарганізацый маюць страты ад рэалізацыі мяса. Пры сярэднеабласных 7 тысячах долараў ЗША выручкі на аднаго працаўніка, у Ляхавіцкім раёне гэты паказчык складае 5,7 тысячы, прычым у 5 гаспадарках не дасягае і 5 тысяч, а, напрыклад, у «Востраве-Агра» — нават 3 тысяч. Не лепшыя справы ў «Ліпнянцы».
Не дадаюць аптымізму тэндэнцыі ў вытворчасці малака. 8 з 11 гаспадарак сёлета сталі даіць менш, чым летась, прычым некаторыя настолькі, што губернатар не ўтрымаўся ад каментарыя: маўляў, складваецца ўражанне, што вы жывёлу не корміце і не доіце… Мінус «Белпрампрыбора» дасягнуў 770 кілаграмаў на карову, райаграсэрвісу — амаль 500, «Жарабковічаў» — больш за 400 кілаграмаў…
Ёсць сур’ёзныя прэтэнзіі да якасці і таварнасці малака, аднаўлення статка. Не без праблем праходзіць нарыхтоўка кармоў: у сярэднім на Брэстчыне нарыхтавана па 8,2 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, а, напрыклад, у «Жарабковічах» — 3,6. У чым выгада адкладваць на заўтра тое, што трэба было зрабіць учора?
Старшыня аблвыканкама назваў і прычыны, што прывялі да такога незайздроснага становішча: нізкая адказнасць і выканальніцкая дысцыпліна кадраў усіх узроўняў.
Усё пачынаецца з кіраўніка, падкрэсліў Канстанцін Сумар, звяртаючыся да тых, хто сядзеў у зале: дырэктараў прадпрыемстваў і школ, начальнікаў устаноў і структурных падраздзяленняў райвыканкама, старшынь гаспадарак і сельвыканкамаў, кіраўнікоў службаў і арганізацый. Любы кіраўнік разам з пасадай бярэ на сябе вельмі сур’ёзную адказнасць. У тым ліку, за развіццё і перспектывы сваёй «епархіі», за тых людзей, якія сёння працуюць на прадпрыемствах, у арганізацыях, і тых, хто прыйдзе сюды заўтра. І адна з важнейшых задач — забяспечыць такія ўмовы работы, каб працаўнікі — сённяшнія і патэнцыяльныя — не разбегліся ў пошуках лепшага жыцця.

Канстанцін Сумар выказаў спадзяванне, што новы начальнік райсельгасхарчу Алег Бурак (на здымку другі злева) зможа мабілізаваць падначаленых для выпраўлення сітуацыі.

Неабходна даць магчымасць людзям зарабіць грошы. А для гэтага не баяцца будаваць, рэканструяваць, мадэрнізаваць, укараняць новыя прагрэсіўныя тэхналогіі, не адкладваючы на потым і не чакаючы, што ўсё зробіцца само. Заседжвацца, абклаўшыся праблемамі, і пераконваючы сябе, што немагчыма іх вырашыць, — не выйсце з сітуацыі.
Сённяшнія мадэрнізацыя і рэканструкцыя жывёлагадоўчых аб’ектаў — патрабаванне Кіраўніка дзяржавы — аснова для паспяховай работы заўтра. Дывідэнды ад тэхнічнага і тэхналагічнага пераўзбраення МТФ не прымушаюць сябе чакаць, і гэта даказана вопытным шляхам — тымі, хто сёння ўжо карыстаецца новымі даільнымі заламі і новым абсталяваннем.
Між тым, з размеркаваных раёну 7 мільярдаў ільготных (усяго пад 3 працэнты гадавых) крэдытаў на рэканструкцыю і будаўніцтва МТФ на сёння асвоена ўсяго паўтара мільярды. А да кастрычніка, на які запланаваны ўвод гэтых аб’ектаў у эксплуатацыю, часу ўсё менш.
Сумненні ў эканамічнай мэтазгоднасці, апраўданні пра незацверджаны бізнес-план і іншыя адгаворкі не прымаюцца. Канстанцін Сумар выказаўся катэгарычна і адназначна: ігнараванне планаў уводу рэканструяваных і новых фермаў будзе каштаваць кіраўнікам гаспадарак пасад.
Зрэшты, трэба разумець, што будаўніцтва фермаў і дасягненне паказчыкаў не самамэта. Над гэтым не заўсёды задумваюцца, але за кожнай такой падзеяй і кожнай лічбай — людзі, іх дабрабыт, камфортнае і ўладкаванае жыццё.
Раённыя праблемы, дарэчы, маюць не толькі сельскагаспадарчыя адрасы. Кіраўнік Брэстчыны прыгадаў не бліскучыя, на жаль, вынікі работы будаўнічай галіны, гандлю. Закрануў тэму захавання прыродаахоўнага заканадаўства і работу са зваротамі грамадзян — тут таксама ёсць над чым працаваць.
Апошнім часам вялікія сродкі ўкладваюцца ў добраўпарадкаванне райцэнтра. Прынята рашэнне правесці ў Ляхавічах абласныя «Дажынкі». Пад падрыхтоўку да іх запланаваны і праводзяцца капітальныя рамонты, мадэрнізацыя жылля, аб’ектаў сацкультбыту і вытворчых. Горад мяняецца на вачах — кардынальна, да непазнавальнасці. І гэта, канешне, у першую чаргу, не для таго, каб парадаваць і здзівіць гасцей райцэнтра. Усё гэта для нас, ляхавічан.
— Робіцца многае. Але каб зрабіць усё, што хацелі б гараджане, трэба яшчэ некалькі сотняў мільярдаў рублёў. Такога бюджэту і такіх магчымасцяў сёння няма. Трэба разумець, што пры іншых выніках работы раёна грошай у бюджэце было б больш… — акрэсліў сітуацыю Канстанцін Сумар. І дадаў: — У любым выпадку, гэта — толькі пачатак. Далей штогод работы па добраўпарадкаванні трэба працягваць. І гэта павінна стаць агульнай мэтай. Зацікаўленым у агульным поспеху павінен быць кожны, і пазіцыя назіральнікаў тут непрымальная.
Якія праблемы патрабуюць першачарговага вырашэння? Што неабходна зрабіць, каб кардынальна змяніць сітуацыю, якая склалася сёння на Ляхавіччыне? Гэтае пытанне Канстанцін Сумар адрасаваў усім удзельнікам сходу. Сваімі меркаваннямі на гэты конт падзяліліся начальнік РАУС Аляксандр Ермакоў, намеснік райваенкама Аляксей Навіцкі, дырэктар малочнага завода Вячаслаў Жукоўскі, галоўны рэдактар «ЛВ» Вольга Барадзіна, дырэктар Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Вячаслаў Сельмановіч, старшыні СВК «Жарабковічы» Віталій Бусько і «Ліпнянка» Уладзімір Варвашэвіч, дырэктар Ліпскай СШ Аляксандр Гатоўчыц, Герой Сацыялістычнай працы Генрых Траццяк.
Старшыня аблвыканкама прадставіў гаспадарчаму актыву раёна новага начальніка райсельгасхарчу Алега Бурака. Ахарактарызаваў вопытным спецыялістам (Алег Анатольевіч шмат гадоў працаваў галоўным аграномам у вядомым сваімі вытворчымі поспехамі аграпрадпрыемстве «Астрамечава») і патрабавальным кіраўніком.
— Пакуль не ўсё страчана. Яшчэ ёсць час выправіць становішча і з корманарыхтоўкай, і з жывёлагадоўляй. А для гэтага трэба добра працаваць. Усё ў нашых руках, — рэзюмаваў Канстанцін Сумар.
Каб змяніць сітуацыю ў лепшы бок, перагледзець свае адносіны да працы павінен кожны — ад кіраўніка да простага рабочага. Жыць у прыгожым і багатым раёне, які славіцца не толькі сваімі людзьмі, але і справамі, — наш агульны інтарэс.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *