Пазапланавы рэйс. Як у Ляхавічах са стаянкі аўтастанцыі выкралі аўтобус

27 снежня напачатку сёмай гадзіны раніцы ў РАУС ад дыспетчара аўтастанцыі “Ляхавічы” паступіла паведамленне, што са стаянкі выкрадзены аўтобус МАЗ-256. Аператыўная група РАУС выехала на месца здарэння. Па камерах відэаназірання было ўстаноўлена, што невядомы мужчына каля 23.35 зайшоў на тэрыторыю аўтастанцыі , адкрыў дзверы аднаго з аўтобусаў, завёў яго, і , не ўключаючы фары , накіраваўся ў бок Баранавічаў.
Транспартны сродак у тэхнічна спраўным стане знайшлі на адной з вуліц Дзяржынска. Самазванага вадзіцеля затрымалі. Ім аказаўся жыхар Стаўбцоўскага раёна 1994 г.н., які прыехаў да знаёмага ў госці ў Ляхавічы.
Свае дзеянні ён растлумачыў тым, што хацеў вярнуцца да дому, а ноччу , як аказалася, грамадскі транспарт не ходзіць…
Вядома, што летась мужчына быў пазбаўлены права кіравання транспартным сродкам за ваджэнне ў нецвярозым стане, а раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за ўгон транспартнага сродка.
Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па ч.2 арт.214 (крадзеж, учынены паўторна) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Віталій ДАВІДОЎСКІ, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку РАУС.