Второй сезон активности клещей приходится на август-сентябрь

Як сведчаць эпідэміёлагі, другі сезон актыўнасці кляшчоў прыпадае на жнівень-верасень (першы — май-чэрвень). Штогод з мая па верасень спецыялісты райЦГіЭ праводзяць маніторынг заклешчаванасці лясных масіваў, паркаў, сквераў.
Па словах урача-эпідэміёлага Васілія Скарахода, кляшчоў ловяць спецыяльнымі прыстасаваннямі ў розных месцах і адпраўляюць на лабараторнае даследаванне для выяўлення, ці з’яўляюцца яны носьбітамі хвароб (найчасцей клешчавага энцэфаліту і Лайм-барэліёзу) у Баранавіцкі занальны цэнтр ці Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Сёлета 56 жыхароў горада і раёна звярнуліся за медыцынскай дапамогай па прычыне ўкусаў кляшчоў. Як растлумачыла загадчыца інфекцыйнага аддзялення райбальніцы Аліна Курловіч, усе яны абавязкова праходзяць прафілактычнае лячэнне. Пераважная большасць пацярпелых — людзі працаздольнага ўзросту — атрымалі ўкусы ў лесе альбо на дачах каля лясных масіваў.
Каб захаваць здароўе і пазбегнуць непрыемных наступстваў, Васілій Скараход раіць прытрымлівацца правілаў паводзін на тэрыторыях, дзе кляшчы асабліва актыўныя. У лес трэба апранацца, каб зменшыць магчымасць пранікнення кляшчоў пад адзенне. Пажадана выкарыстоўваць спецыяльныя сродкі абароны — рэпеленты. І рэгулярна праводзіць сама- і ўзаемаагляды, у тым ліку і пасля лясной прагулкі. А яшчэ варта перагледзець прынесеныя ў дом свежасарваныя кветкі ці ягады — на іх таксама могуць быць кляшчы. Адзін са шляхоў перадачы захворвання — праз свежае казінае малако.
Калі ж сустрэчы з крывасмокам не ўдалося пазбегнуць, то, раіць Аліна Курловіч, нязванага госця неабходна як мага хутчэй выдаліць, раскачваючы за брушка пінцэтам ці з дапамогай пятлі з моцнай ніткі, накінутай як мага бліжэй да хабатка. Калі пасля выдалення рэшткі кляшча засталіся ў скуры, іх неабходна дастаць стэрыльнай іголкай, як стрэмку, а месца ўкусу апрацаваць ёдам ці іншым спіртавым растворам. І абавязкова звярнуцца за медыцынскай дапамогай. Па рэкамендацыі ўрача-інфекцыяніста, знятага кляшча ў шчыльна закрытым флаконе даставіць самастойна ў Баранавіцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі для вызначэння яго інфіцыраванасці (гэта працэдура платная).
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *