Хутка ў полі загудуць трактары. Да 25 сакавіка 95 працэнтаў сельскагаспадарчай тэхнікі павінна быць гатова да веснавых палявых работ

Падрыхтоўку да веснавой сяўбы неабходна было пачынаць яшчэ мінулай восенню, а не адкладваць яе на апошнія тыдні перад адказнай кампаніяй, ад якой у многім залежыць дабрабыт кожнага сельгаспрадпрыемства і агульная аграрная скарбонка раёна. Нездарма гавораць: што пасееш, тое і пажнеш. На гэтым акцэнтаваў увагу кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, спецыялістаў райсельгасхарчу старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падчас апаратнай нарады, дзе разглядалася падрыхтоўка да правядзення веснавых палявых работ у сельгасарганізацыях Ляхавіччыны.

Планы і факты
Што зроблена, якія праблемы яшчэ неабходна вырашыць, каму варта паспяшацца асабліва, у чым ёсць рэзервы? Пра гэта гаварыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык, трымаючы справаздачу па ўзнятым пытанні. Адзначана, у падрыхтоўцы да сяўбы чатыры асноўныя складнікі: глеба, насенне, удабрэнні, тэхніка.
Сёлета аграрыям раёна неабходна пасеяць яравыя культуры на плошчы 19300 гектараў, у тым ліку 6050 гектараў ранніх яравых і зернебабовых культур, 8950 гектараў кукурузы, 1500 гектараў цукровых буракоў, 2600 гектараў ільну, 200 гектараў бульбы.
Чарговы раз старшыня райвыканкама нагадаў кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, што якасць і колькасць малака зале-
жаць ад пасяўных плошчаў, кармавой базы, якасці агратэхнічных мерапрыемстваў, ад зладжанай работы спецыялістаў. Таму варта пераглядзець структуру пасяўных пошчаў з улікам павелічэння кормавытворчасці. Што тычыцца спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў, то кожны з іх абавязаны не толькі кантраляваць работу падначаленых, але і каардынаваць яе і самім быць дысцыплінаванымі. Васілій Пыжык падкрэсліў, што для нарошчвання вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі раёну неабходна забяспечыць належную кармавую базу, у аснове якой – нарыхтоўка 200 тысяч тон сіласу і каля 80 тысяч тон сенажу. Для павышэння прадукцыйнасці шматгадовых траў, узбагачэння іх бабовым кампанентам патрабуецца сяўба люцэрны на плошчы не менш за 1,5 тысячы гектараў. Яшчэ адна неабходная ўмова, выкананне якой дазволіць стварыць істотны задзел для кормавытворчасці, – перазалужэнне больш як дзвюх тысяч гектараў нізкапрадукцыйных сенакосаў і паш. Асаблівая ўвага – на падкормку культур мінеральнымі ўдабрэннямі.

Чым будзем сеяць?
Па словах начальніка райсельгасхарчу, для веснавой пасяўной кампаніі ўсе сельгаспрадпрыемствы Ляхавіччыны забяспечаны несеннем. Разам з тым, ЗАТ «Белпрампрыбор», КСУП «Ліпнянка», ААТ «Нача», СУП «Белазем’е» неабходна паклапаціцца пра набыццё большай колькасці элітнага насення. Дарэчы, 21,4 тоны насення люцэрны набыта пры аказанні фінансавай дапамогі з боку райвыканкама.
Яшчэ адзін актуальны момант – забяспечанасць сродкамі аховы раслін. Недапушчальна сеяць непратручаным на-
сеннем. Мікалай Мароз выказаў занепакоенасць, наколькі гаспадаркі раёна забяспечаны насеннем кукурузы. Кіраўнікі сельгасарганізацый запэўнілі, што да пачатку сяўбы праблем з насеннем не будзе.
На асаблівым кантролі і пытанне ўнясення ўдабрэнняў.
У першую чаргу, размова ідзе пра мінеральныя ўдабрэнні – адзін з асноўных складнікаў высокага ўраджаю. У цэлым па раёне пад яравую сяўбу ў першыя падкормкі неабходна 8915 тон мінераль-
ных удабрэнняў. Па стане на  20 лютага, назапашаны 41 працэнт ад неабходнага, гэта 120 працэнтаў да аналагічнага леташ-
няга перыяду. Нізкімі тэмпамі ідзе нарыхтоўка ў «Белпрампрыборы», дзе адсутнічаюць фосфарныя і калійныя ўдабрэнні, у «Ліпнянцы» пакуль без калійных. «Жарабковічы» і «Нача» маюць у наяўнасці толькі дзесяць працэнтаў фосфарных удабрэнняў. Васілій Пыжык паведаміў, што чаканая забяспечанасць мінеральнымі ўдабрэннямі пад яравую сяўбу пры выкупе квот у поўным аб’ёме складзе 93 працэнты, у тым ліку азотнымі – 90 працэнтаў (недахоп трэба кампенсаваць унясеннем арганікі), фосфарнымі – 45 працэнтаў, калійнымі – 114 працэнтаў. Што тычыцца арганікі, то яе патрабуецца 390 тысяч тон, на палі вывезена ўжо амаль 97 працэнтаў.

Слова за тэхнікай
Першы намеснік старшыні райвыканкама дэталёва праана-
лізаваў гатоўнасць машынна-трактарнага парка ў разрэзе кожнага сельгаспрадпрыемства і расказаў пра агульнараённую сітуацыю. З 47 адзінак энерганасычаных трактароў адрамантаваны 42, з 61 збожжаўборачнага камбайна – 15, з 20 кормаўборачных – 15, з 61 плуга – 48, з 13 сеялак – 0. Калі параўноўваць з сярэднеабласнымі паказчыкамі, то наш раён адстае ў рамонце некаторых відаў тэхнікі, найбольш па камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэга-
тах, зерневых сеялках, збожжаўборачных камбайнах.
І сёлета СВК «Ляхавіцкі» задае тон і з’яўляецца прыкладам у плане падрыхтоўкі машынна-трактарнага парка да сяўбы. Тут ужо 95-працэнтная гатоўнасць.
Добрыя вынікі ў падрыхтоўчых да адказнай кампаніі работах паказвае і «Нача». Але для забеспячэння належнай гатоўнасці тэхнікі да сяўбы гэтай гаспадарцы неабходна прыкладна 40 тысяч рублёў.
У «Жарабковічаў» бадай самы ўнушальны аўтапарк. Кормаўборачныя камбайны, жаткі, АКШ гатовы да выхаду ў поле. Ёсць парушэнні з пастаноўкай на захоўванне некаторых пасяў-
ных агрэгатаў. Не да канца наведзены парадак на мехдварах у Тальмінавічах і Падлессі. Васілій Пыжык назваў недастатковай работу спецыялістаў па ахове працы «Жарабковічаў» у плане
адсутнасці кантролю за правядзеннем інструктажу па ахове працы на рабочых месцах. Інжынерная служба гаспадаркі не ў поўнай меры выконвае рэкамендацыі па ўхіленні парушэнняў, выяўленных мабільнымі групамі спецыялістаў райсельгасхарчу падчас праведзеных маніторынгаў.
Куды большае кола праблем у «Белазем’я». Тычацца яны і афармлення дакументацыі. Істотныя недапрацоўкі і ў арга-
нізацыі захоўвання тэхнікі.
У тэрміновым парадку трэба правесці спісанне і разборку невыкарыстоўваемай сельгастэхнікі. Шэраг пытанняў і да спецыялістаў па ахове працы. У прыватнасці, не праведзена праверка ведаў работнікаў, занятых на вытворчасці з павышанай небяспекай, маюцца грубыя парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, адсутнічае належны кантроль за выкананнем правілаў аховы працы пры рамонце тэхнікі і іншае. А, як вядома, усё гэта можа прывесці да трагічных выпадкаў на рабоце. Пытанням аховы працы – першачарговая ўвага.
Начальнік райсельгасхарчу самым праблемным у сэнсе падрыхтоўкі да сяўбы назваў «Шлях новы». Напрыклад, адзін з кормаўборачных камбайнаў да гэтага часу не пастаўлены на захоўванне, іншыя агрэгаты – жаткі, граблі, плугі – хоць і адпраўлены на захоўванне, але з грубымі парушэннямі. У нездавальняючым стане – пляцоўкі для захоўвання металалому, спісаных шын, часовага захоўвання тэхнікі. Ёсць шэраг пытанняў, звязаных з аховай працы. Больш за 100 тысяч рублёў патрабуецца сельгаспрадпрыемству, каб пацвердзіць стапрацэнтную гатоўнасць да сяўбы.
Кожны з кіраўнікоў сельгасарганізацый трымаў справаздачу пра зробленае ў плане падрыхтоўкі, а таксама назваў шляхі вырашэння праблем.

Падводзячы вынікі падрыхтоўчых да сяўбы работ, Мікалай Мароз заўважыў: набліжаецца адзін з адказнейшых сезонаў напружанай працы. На парадку дня – узмоцнены кантроль за расходам паліва, безумоўнае выкананне правілаў тэхнікі бяспекі, строгая вытворчая дысцыпліна на кожным участку і ў дачыненні да ўсіх без выключэння – ад кіраўніка да вартаўніка.

Галіна КАНЬКО.