Насіллю ў сям’і не месца. На тэрыторыі Ляхавіцкага раёна з 4 па 8 красавіка пройдзе рэспубліканская акцыя «Дом без насілля!»

.
Яе мэтай з’яўляецца выяўленне і спыненне адміністрацыйных правапарушэнняў і злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін, зніжэнне ўзроўню бытавой злачыннасці, інфармаванне грамадзян аб адказнасці за правапарушэнні і злачынствы ў сферы сямейна-бытавых адносін.
З пачатку года супрацоўнікі РАУС выявілі і ўзбудзілі чатыры крымінальныя справы прэвентыўнай накіраванасці, у тым ліку адну – па артыкуле 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (пагроза забойствам), дзве – па артыкуле 154 КК Рэспублікі Беларусь (катаванне), адну –   па артыкуле 153 КК Рэспублікі Беларусь (прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі кароткачасовае расстройства здароўя), учыненыя на бытавой глебе. Таксама ў 2022 годзе на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна мае месца факт бытавога злачынства, прадугледжанага артыкулам 139 КК Рэспублікі Беларусь (замах на забойства). Прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за нанясенне пабояў, якое не пацягнула прычыненне цялесных пашкоджанняў, наўмыснае прычыненне болю, фізічных і псіхічных пакут, учыненае ў адносінах блізкага сваяка або члена сям’і, 60 грамадзян. У 57 выпадках даныя правапарушэнні ўчынены ў стане алкагольнага ап’янення. У адносінах асоб, якія два і больш разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за сямейна-бытавыя канфлікты, вынесена сем ахоўных прадпісанняў, у шасці выпадках з абавязковым адсяленнем з агульнага з ахвярай сямейна-бытавых канфліктаў жылля.
Нагадваю, што ў Ляхавіцкім РАУС кругласутачна працуе тэлефон гарачай лініі, па якім можна паведаміць пра факты бытавога насілля, незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі. Нумар тэлефона – 6-09-37 (ананімнасць гарантуецца), ці спецыяльная
лінія 102.
Сяргей ХМАРУК,  начальнік аддзела  аховы правапарадку
і прафілактыкі РАУС.