Нам жыць, каб памятаць. У музеі працоўнай і баявой славы СШ № 2 г. Ляхавічы адбылося мерапрыемства-ўшанаванне «Хроніка гістарычных падзей. Памяць не памірае»

11 красавіка 1945 года вязні аднаго з самых жудасных фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў Бухенвальда паднялі інтэрнацыянальнае паўстанне. Менавіта гэта дата ў календары па рашэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый пазначана як Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Усяго ў гітлераўскай Германіі і на акупіраваных ёю тэрыторыях дзейнічала больш за 14 тысяч канцлагераў, гета, дзе катавалі, расстрэльвалі, душылі ў газавых камерах мірных людзей, ставілі над імі бесчалавечныя медыцынскія вопыты і эксперыменты. За гады Другой сусветнай вайны ў лагерах смерці пакалечаны лёсы больш за 18 мільёнаў чалавек з 30 краін свету, з якіх пяць мільёнаў – грамадзяне Савецкага Саюза. Амаль 12 мільёнаў так і не дажылі да вызвалення, сярод іх – каля двух мільёнаў дзяцей. Фашызм не шкадаваў ні старых, ні нованароджаных, ні жанчын – нікога… Праз адзін толькі Бухенвальд прайшло каля 250 тысяч чалавек, прыкладна 56 тысяч з якіх загінулі, а колькасць ахвяр Асвенцыма блізкая да паўтара мільёна…
На Нюрнбергскім працэсе ў 1946 годзе, калі праходзіў сусветны суд над нацыстамі, міжнародны трыбунал прызнаў, што заключэнне ў няволю мірных грамадзян замежных дзяржаў, аднолькава як і выкарыстанне ў прымусовым парадку іх працы ў інтарэсах Германіі, з’яўляецца не толькі ваенным злачынствам. Яно было кваліфікавана як злачынства супраць чалавецтва.
Здаецца, так даўно гэта было. Але толькі не для тых, хто прайшоў скрозь лагерныя жахі. Біяграфіі гэтых людзей – сапраўдныя ўрокі мужнасці для новых пакаленняў. На тэрыторыі нашага раёна цяпер жыве сем былых вязняў фашысцкіх канцлагераў. У кожнага свой лёс, свае ўспаміны пра тыя страшныя дні, калі кожны крок, кожнае імгненне маглі стаць апошнімі. Амаль усе яны тады былі дзецьмі, але назаўжды на сэрцы чорнай адмецінай застаўся час, калі выратоўвалі толькі надзея і вера, што вызваляць, і зноў можна будзе жыць… Мы не маем права забываць гэтыя жудасныя падзеі. А памяць дапаможа і наступным пакаленням зразумець, якой цаной заваяваны мір. 2022 год у Беларусі аб’яўлены Годам гістарычнай памяці.
11 красавіка ў музеі працоўнай і баявой славы СШ № 2 адбылося мерапрыемства-ўшанаванне «Хроніка гістарычных падзей. Памяць не памірае».
Пракурор Ляхавіцкага раёна  Сяргей Дзяжко нагадаў, што Генеральная пракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу па фактах генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Выяўляецца ўсё больш доказаў пра зверствы, злачынствы фашыстаў у той час. Пра тое, што асабліва важна сёння, калі падымае галаву неанацызм, захоўваць і берагчы памяць пра подзвіг дзядоў і прадзедаў, гаварыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач.
Удзельнікі пошукава-даследчага атрада «Следапыт» правялі экскурсію па музеі. Без слёз нельга слухаць успаміны тых, хто і сёння, праз дзесяцігоддзі, падрабязна помніць кожны дзень, пражыты ў нечалавечых умовах, – пра гэта дакументальны відэафільм.
Наступная экспазіцыя дакладна нікога не пакінула абыякавым. На сімвалічнай «Карце памяці» занатаваны вынікі расследавання пракуратуры Брэсцкай вобласці пра генацыд беларускага народа
ў гады Вялікай Айчыннай вайны – ксеракопіі разнастайных дакументаў, фотаздымкі, якія гавораць самі за сябе, апытанне сведкаў тых падзей. Пра гэта расказаў кіраўнік музея настаўнік СШ № 2 Віталій Толкач.
Далей марафон памяці адправіўся ў Тухавічы. У мясцовым СДК культработнікі правялі патрыятычную сустрэчу-рэквіем «Нам жыць, каб памятаць».
Галіна Канько.
Фота з сайта СШ №2