Настрой лета – працоўны. Каляджане не першы год маюць магчымасць добраўпарадкаваць Ляхавічы і атрымаць за гэта грошы

Самыя працяглыя канікулы многія навучэнцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа вырашаюць правесці з карысцю. Ужо не першы год працоўны дэсант каляджан шчыруе пад крылом жылкамунгаса. І сёлета сем навучэнцаў атрымалі статус студатрадаўцаў і часовую работу ў ЖКГ. Прыём заявак ад жадаючых папрацаваць пачаўся яшчэ ў маі. Умовамі для залічэння ў студатрад сталі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўстановы, паспяховая вучоба, не менш як 18-гадовы ўзрост, адсутнасць медыцынскіх супрацьпаказанняў для такой работы і ўзорная дысцыпліна.

З кожным байцом студатрада заключаны дагавор, на ўсіх заведзены працоўныя кніжкі, аформлены страхавыя полісы, расказала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і пасправах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч. Дарэчы гэты атрад экалагічны: навучэнцы займаюцца ўборкай смецця, ачысткай тратуарнай пліткі і бардзюраў, праполкай кветнікаў. Шчыраваць будуць да 29 ліпеня.

Сваёй працай рабяты яшчэ і прыцягваюць увагу да важнай даты. У год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў БРСМ праводзіць рэспубліканскую акцыю «Іх імёнамі названы студэнцкія атрады». Атрад з каледжа, напрыклад, – імя Героя Савецкага Саюза Міка-лая Радзівонава, які ў 1941 годзе ўдзельнічаў у баях з фашыстамі за Ляхавіцкі раён.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.