Розныя бакі аднаго парадку. Дэталёвая размова пра ачышчальныя збудаванні

Днём непрыемнага паху з ачышчальных збудаванняў амаль не чуваць, але вечарам і ноччу часцяком ад яго нікуды не схавацца. Ляхавічане з нецярпеннем чакаюць, калі, у рэшце рэшт, сітуацыя зменіцца.
Правядзенне будаўніча-мантажных работ на аб’екце «Рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў у Ляхавічах» запланавана на 2020 год. А 31 кастрычніка сёлета павінна быць гатова праектна-каштарысная дакументацыя (вырабляецца «Брэсткамунпраектам») з праходжаннем дзяржбудэкспертызы. Такую інфармацыю агучыў на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама дырэктар ЖКГ Андрэй Чайкоўскі.
На балансе камунгаса ачышчальныя збудаванні штучнай біялагічнай ачысткі і сем каналізацыйных помпавых станцый. Кантроль за якасцю сцёкавых вод з ачышчальных збудаванняў праводзіцца штодня. У першым паўгоддзі 2019 года перавышэння канцэнтрацыі забруджвальных рэчываў не зафіксавана. Іншая сітуацыя з тым, што паступае на аб’ект. Андрэй Чайкоўскі адзначыў, што за гэты перыяд пры правядзенні маніторынгу якасці сцёкавых вод з малочнага завода ўстаноўлена 12 фактаў неадпаведнасці гранічна дапушчальным канцэнтрацыям. За што СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» аштрафаваны на 1265 рублёў.
Сёлета ў студзені выяўлены факт перавышэння ўзроўню забруджвальных рэчываў у сцёкавых водах, якія паступалі з Ляхавіцкага кааппрама. Сітуацыя выпраўлена.
Гарадскія ачышчальныя збудаванні ўведзены ў эксплуатацыю 14 гадоў назад. У іх праекце была закладзена тэхналогія, па якой можна ачышчаць гаспадарча-бытавыя сцёкавыя воды з невялікай канцэнтрацыяй забруджвальных рэчываў. У сувязі з адсутнасцю лакальнай ачысткі сцёкавых вод на малочным і кансервавым заводах якасць работы ачышчальных збудаванняў пагоршылася. Дырэктар камунгаса падкрэсліў, што рэканструкцыя аб’екта прадугледжвае замену помпавага абсталявання, мадэрнізацыю сістэмы даачышчэння, будаўніцтва цэха механічнага абязводжання асадку, абеззаражанне ачышчальных сцёкавых вод УФ-выпраменьваннем, змяненне тэхналагічных працэсаў ачышчэння сцёкавых вод, дыспетчарызацыю і аўтаматызацыю сістэмы гарадской каналізацыі і іншыя мерапрыемствы.
Падчас разгляду другога пытання апаратнай нарады кіраўнікі прыродаахоўнай, санітарнай і землеўпарадкавальнай службаў дакладвалі пра ўхіленне парушэнняў ва ўтрыманні зямель на тэрыторыі Конькаўскага сельсавета.
Што тычыцца тэрыторый, якія знаходзяцца ў зоне адказнасці Конькаўскага сельвыканкама, то ўсе недапрацоўкі і заўвагі выпраўлены. А вось да ААТ «Шлях новы» пытанняў па-ранейшаму шмат. Наконт таго, калі яны будуць выпраўляцца, кіраўнік сельгаспрадпрыемства Аляксандр Клімук адказу не даў, хаця для выпраўлення сітуацыі ў большасці выпадкаў дастаткова прыкласці элементарныя намаганні: прыбраць смецце, рэшткі разваленых будынкаў ці спілаванага дрэва. Здаецца, і тэхніка ў «Шляху новым» ёсць (сёлета купілі новы пагрузчык), і свая будаўнічая брыгада, а вось жаданне выпраўляць памылкі адсутнічае, нягледзячы на адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе штрафу, што атрымалі некаторыя службовыя асобы сельгасарганізацыі.

Галіна КАНЬКО.