Галоўныя па харчовай бяспецы.У Кобрыне ўшаноўвалі лепшых жывёлаводаў Брэстчыны, сярод іх і працаўнікі з Ляхавіцкага раёна

Фота з архіва раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК.

6 красавіка ў Кобрыне ўшаноўвалі лепшых жывёлаводаў Брэстчыны – пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх вынікаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі амаль 140 чалавек. На святочнай сцэне – кіраўнікі раёнаў і прадпрыемстваў, спецыялісты, аператары машыннага даення і жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў, брыгадзіры МТФ і іншыя. Дзякуючы іх плённай працы і адказным адносінам да справы на паліцах магазінаў удосталь малочнай і мясной прадукцыі, іншых тавараў.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка ў віншаванні адзначыў, што летась вобласць адзіная ў рэспубліцы забяспечыла прырост валавой прадукцыі.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло падкрэсліў, што аграсектар Брэстчыны летась спрацаваў добра па ўсіх паказчыках. Узнагароды лепшым жывёлаводам вобласці ўручалі і кіраўнікі іншых ведамстваў. Сярод адзначаных граматамі і падзякамі –
працаўнікі Ляхавіччыны.
У абласным спаборніцтве вызначыліся жывёлаводы СВК «Ляхавіцкі» – аператар машыннага даення МТФ «Рачканы» Таццяна Славута і аператар жывёлагадоўчай фермы «Русінавічы» Віктар Маслінскі.
Таццяна Славута ўдастоена прызавога месца і дыплома Брэсцкага аблвыканкама па групе гаспадарак з прадукцыйнасцю дойнага статка па ферме за мінулы год ад 8001 і больш кілаграмаў. Летась, дарэчы, яна была сярод пераможцаў раённага спаборніцтва. У чым сакрэт поспеху? Таццяна лічыць, што заслуга гэта, у першую чаргу, усяго калектыву фермы і гаспадаркі, дзе кожны да справы ставіцца з адказнасцю.
У сельскую гаспадарку Таццяна Славута прыйшла з гандлю – галіны не сумежныя, але абедзве патрабуюць працавітасці. У работу ўключылася хутка, усяму спраўна навучылася, і зараз яна прафесіянал з 15-гадовым стажам. Сваіх падапечных – 49 рагуль – даглядае,
бы дзяцей: каб накормлены былі і не хварэлі. Сярэдні ўдой малака ад каровы за 2021 год склаў 8675 кілаграмаў, прычым сортам экстра рэалізавана практычна 94 працэнты сырадою. Белка, Малая, Лізуха – так пяшчотна Таццяна Славута называе сваіх рагуль і адзначае, што характары ва ўсіх розныя.
Віктар Маслінскі заваяваў трэцяе месца сярод аператараў жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў па вырошчванні бычкоў, старэйшых за трохмесячны ўзрост. Іх у зоне адказнасці жывёлавода – 151. Каб маладняк прыбаўляў колькасна і якасна, кожнай жывёле – клапатлівы догляд і гаспадарскі падыход. Таму і сярэднясутачная прывага бычкоў на вырошчванні і адкорме за мінулы год склала 1026 грамаў, што амаль на сем працэнтаў больш у параўнанні з 2020 годам. Важны паказчык – захаванасць маладняку 100-працэнтная, а валавая прывага – 57 тон. У прафесіі Віктар Маслінскі амаль тры дзесяцігоддзі, і кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства не шкадуе для яго самых добрых слоў: і нераўнадушны, і працавіты, і заўсёды ў перадавіках.
Граматай Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК узнагароджаны галоўны заатэхнік ЗАТ «Белпрампрыбор» Ігар Маныла і чабан ААТ «Жарабковічы» Марыя Русакевіч.
У раскладзе дня галоўнага заатэхніка – вырашэнне мноства задач, сярод якіх і кантроль за кармленнем, умовамі ўтрымання жывёлы, і многае іншае. Зацікаўленасць і прафесіяналізм Ігара Манылы, у тым ліку, працуюць на ўдоі і прывагі гаспадаркі. Так, напрыклад, сярэдні ўдой малака ад каровы склаў за 2021 год без малога 9000 кілаграмаў, а 99,3 працэнта яго рэалізавана гатункам экстра.
Чабаном Марыя Русакевіч працуе 35 гадоў і пра авечак ведае літаральна ўсё. З напарніцай Аленай Чушаль даглядаюць атару на трох фермах – на дваіх прыблізна па паўтысячы галоў. Цяжка? Не, адзначае Марыя Русакевіч, калі любіш сваю работу.
За дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў 2021 годзе і ўзорнае выкананне працоўных абавязкаў Ганаровай граматай Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза ўзнагароджаны аператар па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы ААТ «Нача» Аляксей Зуйкевіч.
Сярод прадпрыемстваў і арганізацый, якія на так званым «Дні жывёлавода» прэзентавалі сваю прадукцыю, вельмі смачна выглядаў асартымент ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» і СААТ «Ляхавіцкі малочнызавод».

Наталля ПЕРАПЕЧКА.