Мір – гэта жыццё! У гэтым перакананы ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Пракапенка

Адчуваю гонар і вялікую радасць, калі маю магчымасць паціснуць руку паважанаму ветэрану Вялікай Айчыннай вайны жыхару вёскі Ганчары Уладзіміру Пракапенку. Кожная сустрэча з ім – адметная падзея, напоўненая цікавай размовай пра мінулыя і сённяшнія дні. Уладзімір Васільевіч пражыў доўгае і няпростае жыццё, у якім былі вайна і мір.
Франтавіком ён стаў у 19-гадовым узросце, калі ў верасні 1943 года Чырвоная Армія вызваліла ад фашыстаў райцэнтр Унеча Бранскай вобласці, каля якога жыў з бацькамі Валодзя Пракапенка.
– Усе мужчыны старэйшыя за 18 гадоў пайшлі на прызыўны пункт. Дзён дзесяць нас павучылі і адправілі на фронт, дзе я стаў кулямётчыкам 101-га стралковага палка 4-й стралковай Бежыцкай дывізіі. Авалодвалі ваеннай навукай, як кажуць, з колаў. Бачылі, з якім кулямётам малююць Чапаева? З такім «максімам» і я ваяваў. Кулямёт важыў  кілаграмаў 60, і абслугоўвалі яго сем чалавек. Адна стужка цягнула на дзясятак кілаграмаў. А пешшу мы ішлі ледзьве не з-пад Гомеля, – успамінае ветэран.
Вызваляў вёскі Плесы і Пакалюбічы, а пасля на яго салдацкім шляху быў Гомель.
– Страшна было! Мы на адным беразе Сожа, немцы – на другім, – успамінае Уладзімір Пракапенка.
Не ва ўсіх было цёплае  адзенне, а на нагах – лапці. Кулі звінелі над галавой, сыпаліся дажджом. «Максім» служыў байцу верай і праўдай. Пры фарсіраванні ракі Сож Пракапенка быў паранены – куля прабіла нагу. Але і пасля перавязкі працягваў бой. Тады шмат салдатаў загінула, гаворыць Уладзімір Пракапенка. Яму ж давялося больш за месяц лячыцца ў шпіталі.
Было і другое раненне – у руку. І зноў шпіталь. Пасля яго трапіў у 447-ы асобны матарызаваны штурмавы інжынерна-сапёрны Ропшынскі Чырванасцяжны батальён. На вайне не было ні магчымасці, ні часу доўга вучыцца – кулямётчык Пракапенка авалодваў навукай бранябойшчыка, затым спасцігаў сапёрную справу.
Пацвярджэнне таго, што стаў сапёрам-прафесіяналам, – нагрудны знак «Выдатны мінёр».
На рацэ Свір, паміж Ладажскім і Анежскім азёрамі ваяваў з фінамі.
– Не ў фінскай вайне, а падчас Вялікай Айчыннай, –удакладняе Уладзімір Васільевіч і далей працягвае расказ: – Нашай брыгадзе прысвоілі назву Свірская.
Ветэран прыгадвае, што ў адной роце служылі салдаты 19 нацыянальнасцяў: рускія, беларусы, украінцы, яўрэі, казахі, якуты, узбекі і іншыя. Мову некаторых не разумелі нават, але ўсе паміж сабой сябравалі. Неаднойчы прасілі Пракапенку, каб дапамог напісаць пісьмо родным. І ён не адмаўляў нікому. Там, за тысячу кіламетраў ад дома, сустрэў і земляка (бацькі тады ўжо жылі на Ляхавіччыне) з вёскі Шчэпічы Клецкага раёна.
Нарвегія, Запаляр’е, Далёкі Усход – франтавы шлях Пракапенкі закончыўся толькі ў 1947 годзе.
Ці хацеў вярнуцца дадому?  Вельмі! Жаданую вестку пра Перамогу сустрэў пад Новасібірскам. Аб’явілі, што фашысты разбіты. Але яго паход працягваўся далей – давялося паўдзельнічаць у будаўніцтве Усурыйскай высакавольтнай лініі і гідраэлектрастанцыі. Грэлі душу і дапамагалі вытрымаць выпрабаванні ўспаміны пра родных, якім адпраўляў і фотаздымкі з надпісамі. Адзін з такіх Уладзімір Васільевіч захоўвае, як самую вялікую каштоўнасць: «На доўгую памяць дарагім родным маме і тату ад сына з фронта ў Маньчжурыі… Горача любячы вас сын Валодзя. г. Варашылаў. Далёкі Усход».


Уладзімір Пракапенка за мужнасць і адвагу не раз быў удастоены падзяк Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны, медалямі «За перамогу над Германіяй», «За перамогу над Японіяй», «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За абарону Савецкага Запаляр’я». Ваяваў не за званні і медалі – за мір і незалежнасць. Пазней да ваенных адзнак дабавіліся мірныя – «Выдатнік народнай адукацыі БССР» і «Выдатнік асветы СССР».
– Мір – гэта жыццё. Разумееце? Няма міру – няма жыцця. Сёння, здаецца, людзі пазбавіліся розуму. Вайна – гэта кожны дзень смерць. Гэта страшна! Сёння людзі не ўяўляюць, як гэта – сядзець у акопе па калена ў вадзе, галадаць і мерзнуць…І не ведаць, калі зможаш убачыць маму і ці застанешся жывым, – з болем дзеліцца ветэран. – Я ваяваў за мір. А колькі маіх саслужыўцаў так і засталіся назаўсёды маладымі…
…На стале веерам ляжаць пажаўцелыя фотаздымкі, на якіх аднапалчане і франтавыя сябры. На іх Пракапенку шанцавала. Сярод іх і Аляксандр Ізосімаў – чалавек, які на вайне аберагаў Уладзіміра, як сына. Капітан Прыходзька, Малінка, Фралоў, Яшка, Паша… Уладзімір Васільевіч называе імёны і прозвішчы, і позірк яго нібы выхоплівае імгненні з таго ваеннага жыцця. Яны ваявалі плячо да пляча, дзялілі паміж сабой кавалак хлеба і закрывалі адзін аднаго ад куль.
– Такога надзейнага сяброўства жадаю ўсім падпісчыкам нашай раёнкі. Здароўя ўсім, шчасця, мірнага жыцця і дастатку. Каб усе людзі на Зямлі дружылі, – зазначае Уладзімір Васільевіч.
У яго працоўнай біяграфіі было настаўніцтва і дырэктарства ў Мядзведзіцкай СШ, займаў і пасаду намесніка загадчыка райана.
І на вайне, і ў мірны час не губляў пазітыўнага настрою, да людзей ставіўся паважліва. Сёння Уладзімір Васільевіч майстарскі разгадвае красворды, слухае радыё і чытае газеты…
22 мая паважаны ветэран, выдатны педагог і цудоўны чалавек адзначыць 98-годдзе. Дзякуй вам, Уладзімір Васільевіч, за мір, за вашы ўрокі, успаміны і пажаданні!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.