Сцяг Перамогі, радасці сцяг. На раённы этап конкурсу, аб’яўленага БРСМ, навучэнцы і працоўная моладзь Ляхавіччыны прадставілі больш за 20 работ

Напярэдадні 9 Мая мы адзначым яшчэ адно вялікае свята – Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь.
У другую нядзелю мая па ўсёй краіне – ад сталіцы да маленькіх райцэнтраў – беларусы ўшаноўваюць свае дзяржаўныя сімвалы.
Дзяржаўная сімволіка – тое, што аб’ядноўвае нацыю, выклікае гонар, цесна звязвае гісторыю і дзень сённяшні, увасабляе нашы агульныя дасягненні і натхняе.
Не сакрэт, што менавіта за апошнія гады на фоне спроб знешняга ўмяшання ва ўнутраныя справы краіны беларускія герб, сцяг, гімн надзвычай шчыльна ўвайшлі ў наша паўсядзённае жыццё. Яны не толькі ўпрыгожваюць будынкі і збудаванні, грамадскія месцы і масавыя мерапрыемствы, але і суправаджаюць усе стваральныя справы – ад працоўных акцый да ўрокаў памяці. Нацыянальная сімволіка і ўпрыгажэнні ў яе колерах на асабістых аўтамабілях, канцтаварах і нават як элемент адзення – звыклая воку карціна, што напаўняе сэрцы радасцю, гонарам, любоўю да радзімы і павагай да нашай агульнай гісторыі.
Сёлета Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі да дзяржаўнага свята аб’явіў фотаконкурс «Сцяг Перамогі, радасці сцяг». Як расказала першы сакратар райкама БРСМ Дар’я Марозава, на раённы этап конкурсу навучэнцы і працоўная моладзь прадставілі больш за 20 работ. Самыя адметныя – аўтарства рабят з СШ № 2 (на здымку), Малагарадзішчанскай і Ліпскай школ. Юныя землякі, шчыра сказаць, уразілі. Крэатыўна, хвалююча і патрыятычна!
І за гэта, безумоўна, дзякуй сям’і і настаўнікам. Таму што патрыётамі, як вядома, не нараджаюцца…

Святлана СТЫКУЦЬ