Сустрэчы ў музеі славы. На базе СШ № 2 адбыўся форум кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

З верасня мінулага года ва ўстановах адукацыі ўведзены новыя пасады – кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні. З’яўленне новай кадравай адзінкі ў школах раёна стала заўважным і на старонках «ЛВ», куды педагогі часцяком дасылаюць свае расказы пра экскурсіі са школьнікамі ў мемарыяльныя комплексы і воінскія часці, уражанні пра сустрэчы з вядомымі землякамі і г. д.

27 красавіка на базе СШ № 2 адбыўся форум кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні «Гістарычная памяць – фундамент будучыні». Пачалася сустрэча са знаёмства з экспазіцыяй «Памяць не памірае…», прысвечанай генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Шмат гасцей паспела пабываць ужо ў музеі баявой і працоўнай славы СШ № 2, дзе экскурс у мінулае разам са школьнікамі праводзіць настаўнік гісторыі кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Віталій Толкач. Гэты ўрок мужнасці выклікае адзінае жаданне – цаніць нашу незалежнасць і берагчы мір, каб ніколі вайна больш не ўварвалася ў жыццё. Удзельнікі форуму зрабілі запіс у кнізе водгукаў: «Экспазіцыя пакінула вялікае ўражанне. Тут сабраны багаты матэрыял пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра подзвіг землякоў і салдатаў Перамогі, пра генацыд беларускага народа. Вельмі ўдзячны за цікавы расказ, за захаванне памяці пра мужнасць і гераізм беларускага народа і нашых землякоў».
У цэнтры ўвагі форуму таксама сацыяльна-палітычная сітуацыя ў Беларусі і меры, якія прымаюцца па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі. На гэтым пытанні падрабязна спынілася галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч.
Прадстаўнік ваенкамата расказаў пра меры, якія прымаюцца для павышэння прэстыжу службы ва Узброеных Сілах Беларусі, адзначыў цеснае ўзаемадзеянне з установамі адукацыі. Пра шляхі ўдасканалення, пошук і выкарыстанне сучасных формаў і прыёмаў, патэнцыял воінскіх часцей і ваенных факультэтаў устаноў вышэйшай адукацыі ў ваенна-патрыятычным выхаванні школьнікаў гаварылі педагогі раёна.

– Хоць і працуюць педагогі на новай пасадзе першы год, але стараюцца ўнікнуць у прафесію, наладжваюць кантакты з грамадскімі аб’яднаннямі і рознымі арганізацыямі, ездзяць на экскурсіі і імкнуцца выкарыстоўваць такія формы выхавання, якія выклікаюць у навучэнцаў шчырую цікавасць, не пакідаюць раўнадушнымі, садзейнічаюць фарміраванню сапраўднага патрыёта і грамадзяніна сваёй краіны, – падкрэслівае галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Іна Зубік.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Уладзімір ПОГАС, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Начаўскай СШ:
– Патрыётамі не нараджаюцца, але любоў да Радзімы трэба выхоўваць з дзяцінства. І гэта – адна з важнейшых задач у тым ліку кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Знаёмства з гісторыяй нашай краіны, прыклад землякоў, уласны прыклад настаўніка – у справе выхавання падрастаючага пакалення дробязяў няма.