Вясновая дыстанцыя. Ляхавіцкія спартсмены заваявалі 7 медалёў на абласных спаборніцтвах

На спартакіядзе Брэсцкай вобласці сярод СДЮШАР і ДЮСШ па лёгкай атлетыцы, што прайшла на пачатку мая ў Брэсце, ляхавіцкія спартсмены заваявалі сем медалёў.
Пераможцам у спартыўнай хадзьбе на 3000 метраў стаў навучэнец СШ № 1 Цімур Плеўскі. Ён жа ўладальнік серабра ў спартыўнай хадзьбе на 2000 метраў. Ева Кудравец з Начаўскай СШ стала лепшай у бегу з перашкодамі на 1500 метраў.
Бронзу ў бегу на 3000 метраў забраў навучэнец СШ № 2 Радзівон Бут.
На дыстанцыі 400 і 200 метраў у тройцы лепшых фінішаваў Антон Пірштук з Навасёлкаўскай СШ. У яго два медалі і два трэція месцы. На спартыўнай сцежцы на 800 метраў бронзы ўдастоены Іван Пірштук –
брат Антона.
За званне лепшых спаборнічалі 23 каманды з Брэстчыны, а ў кожнай па восем лёгкаатлетаў 2007-2008 г.н.
Выхаванцы СДЮШАР і ДЮСШ Баранавічаў, Брэста, Бярозы і іншых – канкурэнты ў нашых землякоў былі сур’ёзна падрыхтаваныя. Тым больш важка пазначана дзясятае месца ляхавіцкай каманды ў агульным заліку.
– Лічу, што нашы лёгкаатлеты выступілі дастойна. Рабяты змагаліся, працавалі на высокі вынік. У такім складзе каманда змагла стаць пераможцай зімовай спартакіяды. Значыць, ёсць да чаго імкнуцца, – адзначае трэнер-выкладчык Андрэй Іванюценка.
18–20 мая ў Брэсце пройдзе рэспубліканская спартак­іяда, дзе за званне самых хуткіх паспаборнічаюць і нашы бегуны – Цімур Плеўскі і Ева Кудравец. Будзем балець!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.