Туз у рукаве. У Ляхавіцкім раёне працягваецца «зялёнае жніво»

Корманарыхтоўшчыкі Ляхавіцкага раёна пераадолелі палову дыстанцыі на шляху першай касавіцы

Агульнымі намаганнямі
Дэбютныя дні сёлетняй касавіцы выдаліся даволі дажджлівымі. Зразумелая справа – гэта акалічнасць некалькі (ці істотна) стрымлівала ход корманарыхтоўчых работ у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна. Але трэба аддаць належнае нябёсам – з надыходам каляндарнага лета прыйшло і патрэбнае доўгачаканае цяпло. Касавічныя работы актывізаваліся, аграрыям, думаецца, стала прасцей кіраваць іх якасцю.
Па стане на пазаўчарашні дзень, з запланавых раёнам пад першую ўборку дзевяці тысяч гектараў шматгадовых траў было скошана больш за палову – амаль што пяць. 85 працэнтаў скошаных плошчаў на гэты час ужо убраны – «прыбраны» ў сянажныя траншэі ці спрасаваны ў поліэтыленавыя рулоны. Будзе дарэчы сказаць, што для кожнай дзясятай тоны сянажных нарыхтовак раёна гаспадаркамі выкарыстаны іменна «плёначны» метад. З такімі рулонамі працуюць, як мінімум, СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Жарабковічы» і «Шлях новы». Калі ж да рулонаў дадаць асноўныя, закладзеныя ў траншэі сянажныя аб’ёмы, то ў суме раён выйшаў на больш як 22 тысячы тон нарыхтаванага сенажу. І чым далей – тым больш. Галоўнае, каб пастаяла надвор’е, не здараліся недарэчнасці ў рабоце тэхнікі. А спецыялісты-корманарыхтоўшчыкі сваю справу ведаюць і, як правіла, адносяцца да яе як належна. Рана пачынаюць, а завяршаюць чарговы працадзень максімальна позна. Сама сітуацыя дыктуе доўгі працоўны расклад, а распрацаваная ў гаспадарках сістэма аплаты працы корманарыхтоўшчыкаў стымулюе іх на заробкі ў «доўгіх» рублях.

Тэхналогія «доўгіх рукавоў»
Піянерам такога спосабу ці метаду закладкі сенажу ў раёне выступіла ЗАТ «Белпрампрыбор». І ўпершыню гэта здарылася іменна падчас сёлетняй корманарыхтоўчай кампаніі. Але тэхналогія закладкі кармоў у так званыя поліэтыленавыя рукавы практыкуецца гэтай сельгасарганізацыяй ужо дастаткова працяглы час. Розніца ў тым, што «ўчора-пазаўчора» ў кармавыя рукавы «Белпрампрыбора» ішла сіласная кукурузная маса. А атрыманы ў выніку выспявання сілас уяўляў сабой узор паўнацэннага травяністага корму, статкі буйной рагатай жывёлы да якога вельмі і заўсёды ахвочыя, на факт яго спажывання, як правіла, рэагуюць палепшанай прадукцыйнасцю.
Маючы багаты вопыт выкарыстання сіласных рукавоў,
у гэтым годзе было вырашана выкарыстаць падобную тэхналогію ў дачыненні сенажоў. Вырашана – зроблена:
на момант нашага наведвання сельгаспрадпрыемства на блізкай да МТФ «Галаўнінцы» тэрыторыі пад яркім сонцам зіхацела белым колерам пэўная колькасць ужо завершаных поліэтыленавых сянажных рукавоў. Сказаць пра іх шырока-доўгія будзе недастаткова. Даўжыня кожнага складае 60, а то і 75 метраў, маштабным здаецца і дыяметр гэтых якасна функцыянальных кармавых сховішчаў.
– Выкарыстанне такога спосабу закладкі травяністых кармоў –
рукаўнай тэхналогіі – выгадна ўжо тым, што ў адходы не трапляе фактычна ні грама прадукту. Ніякіх падгніванняў, ні кроплі кармавой некандыцыі. Дасягнуць падобнага выніку ва ўмовах кармавой траншэі вельмі няпроста, – гаворыць намеснік дырэктара ЗАТ «Белпрампрыбор» па сельскай гаспадарцы Андрэй Вараб’ёў.
Працэс запаўнення рукавоў-ёмістасцяў сянажнай масай складаным не выглядае, ды і не з’яўляецца. Аднак трэба мець у наяўнасці неабходнае спецыяльнае і нятаннае абсталяванне. Акрамя выкананага са шчыльнага поліэтылену рукава-ёмістасці, не абысціся без машыны ўпакоўшчыка-трамбоўшчыка сянажнай (сіласнай) масы. Круціцца-працаваць, выконваць работу па запаўненні травяністай сыравінай поліэтыленавага рукава і ажыццяўляць яе трамбоўку праз вал адбору магутнасці «прымушае» «Беларус-1221». Працуючы ў якасці загрузчыка, франтальны коўш «амкадора» толькі і паспяваў сыпаць зыходную сыравіну ў прыёмную ёмістасць машыны. Рукаў рос літаральна на вачах.
У астатнім нічога незвычайнага, дакладней, усё, што робіцца і падчас традыцыйнай траншэйнай закладкі сенажу.
Касьба травы, яе прыкладна сутачная вытрымка, уборка, дастаўка на месца захоўвання – усё павінна працаваць у рэжыме адзінага механізма. У дзень наведвання сельгасарганізацыі работа пачыналася на бабова-злакавым палетку: Аляксандр Дубіна кіраваў касілкай, Яўгеній Аўдзейчык – граблямі-валкавальнікам. За штурвалам камбайна-падборшчыка – Сяргей Шустал, за дастаўку здробненай сыравіны да месца закладкі сенажу адказвалі вадзіцель МАЗа Аляксей Кулак і трактарыст «Беларуса» Мікалай Вярбіла. А на заключным этапе – закладцы сенажу ў поліэтыленавы рукаў – знаходзіліся механізатар пагрузчыка Дзмітрый Усакоўскі і аператар машыны ўпакоўшчыка-трамбоўшчыка Іван Дзянішчык. Корманарых-
тоўка – гэта камандная работа, і разам яны – каманда.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Механізатар ЗАТ «Белпрампрыбор»
Сяргей Шустал і вадзіцель Аляксей Кулак.
Намеснік дырэктара ЗАТ «Белпрампрыбор» Андрэй Вараб’ёў з механізатарам Аляксандрам Дубінам.
Рукавы, поўныя сянажнай масы.