У скаргі – дарожны адрас. Гарадскія вуліцы – зона адказнасці КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». За каментарыямі «ЛВ» звярнуўся да дырэктара камунгаса

Сацыяльныя сеткі і рэдакцыйнныя тэлефоны адзін за адным прымалі абурэнні ад ляхавічан, якія чарговы раз скардзіліся на адно з набалелых і заўсёды актуальнае пытанне – дарожнае.

Што на Камсамольскай?
Першы адрас – гарадская вуліца Камсамольская. На ўчастку вуліцы насыпалі, па словах тутэйшых жыхароў, стары разбіты асфальт, цяпер тут вельмі нязручна як для вадзіцеляў, так і для пешаходаў. Акрамя таго, у некаторых месцах кавалкі асфальту даволі вялікія, што можа прынесці непрыемнасці для аўтатранспарту. Ці нават справакаваць аварыю.
Як вядома, гарадскія вуліцы – зона адказнасці КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Таму за каментарыямі «ЛВ» звярнуўся да дырэктара камунгаса Андрэя Чайкоўскага.
– Хачу заклікаць гараджан мець цярпенне. Каб умацаваць дарогу, прывезлі сюды і паклалі фрэзерат, што знялі з вуліцы Пушкіна. Далей чарга за ўкладчыкам, які ўтрамбуе фрэзерат больш шчыльна. Адпаведна, стан дарогі стане намнога лепшым, – адзначае Андрэй Чайкоўскі.

А тым часам на Юбілейнай
На мінулым тыдні на вуліцы Юбілейнай уладкавалі «ляжачага паліцэйскага» ці, як гэта называецца афіцыйна, штучную няроўнасць. Яе асноўная роля – прымусовае зніжэнне скорасці руху транспартнага сродку.
– Гэты ўчастак дарогі даволі небяспечны, своеасаблівае месца канцэнтрацыі дарожна-транспартных здарэнняў.
Таму было прынята рашэнне ўладкаваць тут штучную няроўнасць. Адпаведнае прадпісанне АДАІ выдадзена Ляхавіцкаму камунгасу, на чыім балансе знаходзяцца гарадскія вуліцы. Увогуле, менавіта ДАІ вызначае месцы ўстаноўкі «ляжачых паліцэйскіх». Як сведчыць статыстыка, пасля іх з’яўлення колькасць ДТЗ зніжаецца, прычым, істотна, – гаворыць начальнік АДАІ РАУС Яўгеній Вайшэвіч.
Тэхнічныя ўмовы для стварэння штучных няроўнасцей, правілы іх уладкавання, тэхнагляд за іх утрыманнем прапісаны ў дзяржаўным стандарце Беларусі – СТБ 1538 2013.
Канешне, бяспека – вельмі важна. Аднак, пачаліся праблемы ў вадзіцеляў, якія скардзяцца на высокі штучны «трамплін», маўляў, кожная паездка можа стаць «траўматычнай» для аўтатранспарту. Прычым, заўвагі сапраўды слушныя. Яўгеній Вайшэвіч паведаміў, што даны ўчастак супрацоўнікамі АДАІ праінспектаваны, камунгасу выдадзена прадпісанне выправіць сітуацыю.
У сваю чаргу, дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі адзначыў, што праблема будзе вырашана, і ў бліжэйшы час штучная няроўнасць стане больш плаўнай.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.