Колер крадзенага паліва і праца на папярэджанне. У Ляхавіцкім раёне трактарыст выкраў 420 літраў дызпаліва


Праваахоўныя органы падчас пасяўной і ўборачнай кампаніі праводзяць прафілактычныя рэйды з мэтай папярэджання крадзяжу гаруча-змазачных матэрыялаў, таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў і г.д. У адзін з такіх рэйдаў у гаражы па месцы жыхарства трактарыста-машыніста аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна выяўлена 420 літраў афарбаванага дызельнага паліва.
Агляд гаспабудовы быў санкцыянаваны пракурорам раёна.Устаноўлена, што вясковец 1963 г.н. неаднаразова зліваў з бака трактара рэшткі дызпаліва і адвозіў на свой участак, расказаў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Ісаханаў.
У адносінах трактарыста-машыніста складзены пратакол па ч.3 арт. 13.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (набыццё, захоўванне, выкарыстанне або рэалізацыя фізічнымі асобамі афарбаванага нафтавага вадкага паліва, якое пастаўляецца ва ўстаноўленым парадку ў арганізацыі, што выконваюць работы, звязаныя з вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі). Матэрыял накіраваны ў суд.
27 ліпеня супрацоўнікі аддзялення па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы на аўтадарозе недалёка ад аграгарадка Конькі спынілі трактар, у якім трактарыст-машыніст перавозіў 15 літраў дызельнага паліва. Па гэтым факце складзены пратакол.
Паказальны вопыт СУП “Белазем’е”, дзе для прафілактыкі крадзяжу паліва выкарыстоўваюць GPS-навігатары, якія дазваляюць кантроляваць рух транспартных сродкаў і дзеянні вадзіцеляў, а таксама аналізаваць эфектыўнасць выкарыстання аўтатранспарту ў цэлым.
Дырэктар прадпрыемства Міхаіл Мыслівец расказаў, што яшчэ летась на энэрганасычанай тэхніцы і сёлета на камбайнах і транспартных сродках, якія займаюцца нарыхтоўкай кармоў, устаноўлены GPS-навігатары. Устройствы адсочваюць расход паліва і г.д.
– Працуем на папярэджанне. Таму, акрамя слоўных тлумачэнняў, маем тэхнічных памочнікаў, якіх не падманеш. На працягу дня спецыяліст службы бяспекі Бярозаўскага мясакансервавага камбіната з дапамогай спецпрылады маніторыць расход паліва па кожнай адзінцы тэхнікі, вядзе статыстыку запраўкі, зліваў дызпаліва і г.д. Гэта ж уваходзіць і ў абавязкі бухгалтара прадпрыемства, – адзначае Міхаіл Мыслівец.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.