Май у лічбах і фактах

У апошні вясновы месяц у роддоме цэнтральнай раённай бальніцы нарадзілася 16 дзетак: 5 хлопчыкаў і 11 дзяўчынак. І зусім нічога дзіўнага, што дзяўчынак-немаўлят удвая больш, чым хлопчыкаў: у такі прыгожы месяц нараджаюцца пераважна прыгажуні!
У маі ў аддзеле загса райвыканкама і сельвыканкамах выдадзена 23 пасведчанні аб нараджэнні (у тым ліку 10 у горадзе і 13 у сельвыканкамах), 57 – аб смерці (14 з іх у горадзе). За гэты месяц было зарэгістравана ўсяго 5 шлюбаў (4 – у райцэнтры). Такую сціплую шлюбную статыстыку начальнік аддзела загса райвыканкама Людміла Палтарак патлумачыла проста: апошнім часам маладыя і іх бацькі ўсё больш імкнуцца кіравацца ў сваіх дзеяннях даўнейшымі народнымі прыкметамі. А апошнія, як вядома, не надта вітаюць майскія шлюбы. Хаця, як сцвярджаюць спецыялісты, такія апасенні зусім не маюць пад сабой падставы, і сярод тых, хто скасоўвае шлюбы, “майскіх” сем’яў не больш, чым створаных у любым іншым месяцы.
У судзе Ляхавіцкага раёна ў маі разгледжана 13 крымінальных спраў і 47 грамадзянскіх (у тым ліку 7 – аб скасаванні шлюбу).
“Хуткая дапамога” ў маі выязджала па 757 выкліках. Сярод выездаў 66 – на ня-шчасныя выпадкі, 346 – на раптоўныя за-хворванні (экстранныя выклікі), 319 – на неадкладныя выклікі.
Па статыстыцы СААЗ, стан нашага здароўя напалову залежыць ад нас саміх. А ці ўсё робіце вы, каб падтрымліваць гэты свой неацэнны скарб у добрым стане?
Падраздзяленні РАНС выязджалі з месца дыслакацыі 59 разоў, у тым ліку 16 – на рознага роду вучэнні і заняткі. 5 разоў выратавальнікам давялося выязджаць на аказанне дапамогі насельніцтву, 3 – на пажары (дарэчы, 2 з іх адбыліся па прычыне падпалаў травы і смецця), вызначыліся яны і ў ліквідацыі наступстваў ДТЗ. Сіламі мясцовых пажарных выратавальнікаў у маі выратаваны 2 чалавекі. Тым не менш, як гаворыць народная мудрасць, на дапамогу спадзявайцеся, але і самі не памыляйцеся.
За мінулы месяц на тэрыторыі раёна зарэгістравана 2 ДТЗ, у якіх адзін чалавек загінуў і яшчэ адзін атрымаў траўмы. Аварыю са смяротным зыходам учыніў нецвярозы вадзіцель. Супрацоўнікі АДАІ РАУС выявілі 520 парушэнняў правілаў дарожнага руху. У тым ліку затрыманы 24 вадзіцелі, якія селі за руль пасля ўжывання спіртнога, 284 вадзіцелі – аматары пракаціцца з ветрыкам (а заадно – з рызыкай для ўласнага жыцця і здароўя навакольных). Адміністрацыйныя пакаранні панеслі і 12 пешаходаў.
Як нагадалі ў АДАІ, на дарогах вобласці працягваецца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў “Увага – дзеці!”, падчас якога вадзіцелям рэкамендуецца рухацца з уключаным блізкім святлом фар. Памятайце: бяспека на дарозе пачынаецца з узаемнай павагі ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.
У маі на Ляхавіччыне зарэгістраваны 33 злачынствы, у тым ліку 20 па лініі крымінальнага вышуку. Сярод іх – забойства, хуліганства, грабёж, махлярства, 3 пагрозы забойствам,11 крадзяжоў (у тым ліку 5 – з жылля грамадзян) і іншыя. З 33 на працягу гэтага часу раскрыта 23 злачынствы. Шкада, што для некаторых нашых землякоў біблейскія запаведзі “не забі”, “не ўкрадзі” і агульначалавечыя каштоўнасці значаць так мала.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *