Справа — за справай

Апаратная нарада ў старшыні райвыканкама ў мінулы аўторак пачалася са справаздачы аб гатоўнасці зон адпачынку горада і раёна да летняга сезона. Марыя Цітко, якая стаіць на чале раённай арганізацыі Асвод, праінфармавала аб выкананых мерапрыемствах. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч паставіў канкрэтныя пытанні, якія датычаць добраўпарадкавання адпаведных тэрыторый і забеспячэння камфортных і бяспечных умоў для адпачываючых, а таксама належных – для выратавальнікаў. Акцэнтавалася ўвага на санітарным стане зон адпачынку, у тым ліку гарадской, і вадаёмаў, а таксама на перадачы гэтай тэрыторыі ў жылкамунгасаўскае землекарыстанне, на яе далейшым добраўпарадкаванні.

Справаздача начальніка інспекцыі МПЗ па Ляхавіцкім раёне Анатолія Жабіка датычыла зробленага па выяўленні асоб, якія займаюцца незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Былі агучаны такія факты: праведзены шматлікія рэйды па гаражных кааператывах; выяўлена незарэгістраваная структура, якая займалася рамонтам аўтамабіляў; апошнім часам 2 індывідуальныя прадпрымальнікі зарэгістраваліся ў інспекцыі менавіта па аказанні паслуг па рамонце аўто. Вячаслава Сельмановіча цікавіла, наколькі вынікова праводзяцца азначаныя рэйды, якія канкрэтныя меры прыняты кампетэнтнымі службамі да ўладальнікаў гаражоў, што парушаюць заканадаўства аб прадпрымальніцкай дзейнасці.

Добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на тэрыторыі сельсавета, уважлівае стаўленне да запытаў насельніцтва, дакладная работа сельвыканкама – гэтыя і іншыя пытанні былі зададзены кіраўніком раёна старшыні Начаўскага сельвыканкама Вячаславу Новіку, які дакладваў аб рабоце на падведамаснай тэрыторыі.

А вось галоўнаму спецыялісту аддзела адукацыі, спорту і турызму Георгію Барысевічу давядзецца дакладваць аб развіцці турызму ў Ляхавічах і раёне праз пэўны час: яго справаздача па пытанні не была прынята. Прапанаваныя праекты прэзентацыйных матэрыялаў аказаліся зусім “сырымі”. Старшыня райвыканкама адзначыў вялікі прабел у гэтым накірунку дзейнасці, пры тым, што станоўча ацаніў многія моманты ў арганізацыі спорту. Над пытаннем, як падкрэсліў Вячаслаў Сельмановіч, павінны працаваць аддзелы адукацыі, спорту і турызму, а таксама ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, кіраўнікам якіх дадзены канкрэтныя даручэнні. У Год гасціннасці развіццё турызму – напрамак прыярытэтны. Тым больш, што ў нашым раёне з багатай гісторыяй ёсць што паказаць, пра што расказаць і землякам, і гасцям. Справа — за справай.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *