Аверс і рэверс мадэрнізацыі. У мінулую пятніцу ў Ляхавічах прайшло чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта

У мінулую пятніцу прайшло чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. На разгляд былі вынесены пытанні: “Аб ходзе рэалізацыі праграмы па развіцці малочнай галіны, галіны свінагадоўлі і птушкагадоўлі, племянной справы і ўзнаўленні статка ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна” і “Аб ходзе выканання ў 2014 годзе комплекснага плана мадэрнізацыі прадпрыемстваў раёна на 2012-2015 гады”.

У гэтых розных па сутнасці пытаннях бачыцца, тым не менш, агульны назоўнік. Назва яму – мадэрнізацыя ці, іншымі словамі, удасканаленне вытворчасці. Каб жыць, а не выжываць, дынамічна развівацца, нарошчваць аб’ёмы, павышаць якасныя і спажывецкія характарыстыкі прадукцыі, а вытворчым выдаткам, наадварот, прыдаць адмоўную дынаміку – неабходна абнаўляцца. Тычыцца гэта як сельскай гаспадаркі, так і прамысловасці. Як у тэхніка-тэхналагічным гучанні гэтага слова, так і ў дачыненні так званага эканамічнага ўдасканалення работы прадпрыемстваў і арганізацый.

І раённая праграма, і комплексны план распрацаваны ў падабенстве з адпаведнымі рэспубліканскімі дакументамі-аналагамі, вытрымалі ў свой час экспертную ацэнку, былі зацверджаны вобласцю і ў рознай ступені паспяхова ажыццяўляюцца.

Што тычыцца першага, то праграмай прадугледжваецца выкананне комплексу арганізацыйных, вытворча-тэхналагічных, фінансавых мерапрыемстваў, закліканых забяспечыць развіццё малочнай і не толькі жывёлагадоўлі. Сярод накірункаў дзейнасці – новае будаўніцтва, рэканструкцыя і тэхпераўзбраенне аб’ектаў жывёлагадоўлі; умацаванне кармавой базы і выкарыстанне сучасных тэхналогій нарыхтоўкі і прыгатавання кармоў; развіццё селекцыйна-племянной работы з мэтай павышэння прадукцыйнасці кароў і росту валавых надояў; мерапрыемствы па ветэрынарнай абароне жывёл; забеспячэнне галіны кваліфікаванымі кадрамі.

З 2011 па 2015 гады, згодна праграмы, у раёне планавалася пабудаваць 5 новых і рэканструяваць 12 дзеючых малочнатаварных фермаў на 5320 пастановачных месцаў. Меркавалася, што бягучы год стане фінішным у будаўніцтве першай чаргі МТФ “Сакуны” СВК “Шлях новы”, рэканструкцыі МТФ “Патапавічы” гэтага ж сельгаскааператыва, “Падбарочча” ААТ ”Ляхавіцкі райаграсэрвіс” і “Ліпск” СВК “Ліпнянка”. У эксплуатацыю ўведзена толькі МТФ “Патапавічы”. Здача ў эксплуатацыю першай чаргі фермы “Падбарочча” чакаецца ў блізкай перспектыве, а вось перспектывы астатніх пералічаных аб’ектаў жывёлагадоўлі прагназаваць даволі няпроста, і галоўная таму прычына – складанасці з фінансаваннем.

Новыя і сучасна абноўленыя фермы – гэта іншыя ўмовы ўтрымання жывёлы. Як прагучала у адным з выступленняў, 70 працэнтаў поспеху малочнай жывёлагадоўлі залежыць іменна ад гэтага: ад таго, дзе ўтрымліваецца, як даглядаецца жывёла і што яна атрымлівае на стол. І толькі на 30 працэнтаў удойнасць рагулі закладваецца ад нараджэння. Генетычны патэнцыял малочнага статка раёна ўяўляецца даволі высокім: раўняецца 6,8 тысячы кілаграмаў малака ў год ад каровы. А ў СВК “Ляхавіцкі”, ЛДАКу каровы тэарэтычна здольны даваць больш за 8,4 тысячы кілаграмаў малака. Негатыў у тым, што рэальныя паказчыкі ў шэрагу гаспадарак значна адстаюць ад патэнцыяльна магчымых. У лепшым выпадку – “Ляхавіцкі”, каледж, ДП “Нача” – ён выкарыстоўваецца на 75-85 працэнтаў. Некаторыя іншыя гаспадаркі патэнцыял сваіх малочных статкаў выкарыстоўваюць на 59, 60, 63 працэнты. Відавочна, расці ёсць куды: і што тычыцца паўнаты выкарыстання генетычнага максімуму жывёл, і паляпшэння ўмоў утрымання. Апошняе, як гучала ў ходзе пасяджэння, нярэдка нічога не каштуе ў плане грошай, але дае заметны вынік. Пакуль жа, як адзначыў напачатку пасяджэння старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, “так, як працавалі раней, у большасці выпадкаў працаваць нельга”.

Нізкі, у параўнанні з лепшымі сусветнымі ўзорамі, узровень прадукцыйнасці працы, высокі сабекошт прадукцыі і яе далёка не заўсёды добрая якасць не проста падштурхоўваюць – вымушаюць індустрыю, будаўніцтва і г.д. удасканальвацца. Глабалізацыя “падняла” канкурэнцыю на рынку тавараў і паслуг на выключна высокі ўзровень. Працуючы на абсталяванні, па схемах і свядомасці, няхай сабе і вельмі блізкага, але мінулага, сучасную эканоміку не пабудаваць.

І калі тэхніка-тэхналагічная мадэрнізацыя вытворчасцяў даўно ўжо на слыху і ў дзеянні (для нагляднасці адзначым, што ў план комплекснай мадэрнізацыі раёна на 2014 год уключаны мерапрыемствы па 26 арганізацыях, на ажыццяўленне якіх за 8 месяцаў года накіравана без малога 175 мільярдаў рублёў, а самым значным праектам стала рэканструкцыя ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”), то так званая эканамічная мадэрнізацыя – ідыёма дастаткова новая. Аднак вельмі дзейсная і шматразова больш танная, чым мадэрнізацыя тэхніка-тэхналагічная. І, калі гаварыць пра прадпрыемствы нашага раёна, — пакуль не маючая дакладных схем і механізмаў яе правядзення. У агульных фарбах размова вядзецца аб укараненні сучасных метадаў кіравання, аптымізацыі колькасці працаўнікоў таго або іншага прадпрыемства, павышэнні адказнасці як радавых яго работнікаў, так і кіруючай “вярхушкі”, максімальнай рацыяналізацыі лагістыкі, прымяненні сапраўды дзейсных схем стымулявання людзей, заахвочванні іх вытворча-творчых ініцыятыў і іншым. Адно з рашэнняў аблвыканкама абавязвае ўкараніць на падпарадкаваных прадпрыемствах сучасныя сістэмы кіравання да канца бягучага года.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *