Шчаслівы экіпаж. Жыве такая сям’я ў Ляхавіцкім раёне

Дружная каманда чатырох: Алеся, Васілій, Глеб і Вераніка Шадуры.

Сёлетняе жніво для старшага камбайнера СВК “Шлях новы” Васілія Шадуры зноў пераможнае: ён — лідар абласнога спаборніцтва на ўборцы збожжавых сярод маладзёжных экіпажаў. Бясспрэчна, такога выдатнага выніку ўдалося дасягнуць дзякуючы адданасці справе, прафесіяналізму самога Васілія, дапамозе яго надзейнага напарніка-камбайнера Максіма Люкіша. Гэта іх першае жніво разам. Але Васілій Шадура, добразычлівы, кампанейскі, адным словам — свой хлопец, адразу знайшоў агульную мову і інтарэсы з маладзейшым таварышам, студэнтам аграрнатэхнічнага ўніверсітэта Максімам Люкішам. Калі і ўзнікалі нейкія паломкі ў камбайне, экіпаж самастойна выпраўляў іх. Майстры, аднак.

Але ёсць яшчэ адзін важны складальнік поспеху. Кожны дзень жніва, нягледзячы на позні час, ва ўтульным гасцінным доме ў Пранчаках Васілія чакалі любячая і любімая жонка Вераніка, сын Глеб і дачушка Алеся.

— Васьмігадовы Шадура-малодшы па “Ляхавіцкім весніку” сачыў за жніўнымі зводкамі і першым мне паведамляў, колькі наш тата намалаціў за апошнія дні. Алеся пакуль яшчэ чытаць не ўмее, ёй толькі 3 гады, але партрэтам бацькі ў газеце любуецца дагэтуль, — расказвае Вераніка і дадае: — Мы ганарымся сваім працаўніком і заўсёды стараемся яго парадаваць: смачнымі стравамі, ласкавымі словамі і клопатам, падтрымкай.

Так што з якога боку ні паглядзі, выдатны капітан Шадура і ў жніўным уборачным, і ў сямейным экіпажы.

Жонка і дзеці — надзея і апора Васілія. Сёлета хоць і не паехалі з ім у Пінск на абласны фестываль-кірмаш, затое лавілі кожны кадр тэлерэпартажу. А вось на раённых дажынках у аграгарадку Русінавічы фотакарэспандэнту “ЛВ” удалося зняць дружны сямейны экіпаж Шадураў у поўным складзе: тата Васілій, мама Вераніка, сын Глеб і дачушка Алеся. І на здымку, і ў жыцці іх твары свецяцца шчасцем.

Шадуры жывуць у добраўпарадкаваным, з усімі выгодамі доме, які атрымалі ад гаспадаркі больш за 3 гады назад, даглядаюць гаспадарку. Дарослыя маюць работу па душы: Васілій працуе механізатарам у СВК “Шлях новы”, Вераніка — участковая медсястра Навасёлкаўскай урачэбнай амбулаторыі. Сын вучыцца ў школе, а маленькая Алеся з задавальненнем наведвае дзіцячы сад.

Вечарам сям’я збіраецца разам, каб расказаць, як прайшоў дзень, падзяліцца планамі на заўтра. Ёсць у іх агульная мара: каб іх муж і тата заўсёды заставаўся лепшым — і ў доме, і на рабоце.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *