Стала бульба «ўладаром». У СВК «Ляхавіцкі» ідзе ўборка другога хлеба

“Янка”, “брыз”, “уладар”, “скарлет”, “рокка” – гэта не прозвішчы і імёны, а сарты бульбы, якія вырошчваюць у СВК “Ляхавіцкі”. Зладжана ідзе ўборка другога хлеба. Сёлета ў гаспадарцы ён пасаджаны на плошчы 175 гектараў, з іх 125 гектараў ужо ўбрана. Надвор’е хоць і не надта спрыяла росту бульбы, але ўраджайнасць яе ў СВК «Ляхавіцкі» склала 286 цэнтнераў з гектара, і 3300 тон клубняў у сельгаспрадпрыемстве ўжо накапалі. Па словах намесніка старшыні СВК Івана Вітко, сёлета ў асноўным спраўляюцца ўласнымі сіламі, але не адмаўляліся і ад дапамогі гараджан. Тыя цэлы тыдзень шчыравалі на палях “Ляхавіцкага”. На ўборцы задзейнічаны 2 бульбаўборачныя камбайны, на кожным з іх па чатыры работніцы выдаляюць каменне з ленты канвеера. З веданнем справы кіруюць уборачнай тэхнікай вопытныя механізатары Віктар Брэчка і Сяргей Асланян.

Гаспадарка мае выдатны вопыт бульбаводства. Уборачны канвеер адладжаны да аўтаматызму: з поля клубні трапляюць на сартаванне, дзе іх перабіраюць і фасуюць для захоўвання і продажу. Дарэчы, як і падчас жніва, сельгаспрадпрыемства паклапацілася, каб на палеткі для працаўнікоў дастаўляліся гарачыя і смачныя абеды .

Восеньскі дзень год корміць – разумеюць у “Ляхавіцкім” . Таму і шчыруюць людзі старанна, спяшаюцца сабраць і зберагчы вырашчанае.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Разам з іншымі паляводамі сартаваннем бульбы займаецца Таццяна Патапчык

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *