Каштоўнасцям патрабуецца пашпарт. І дзейсная ўвага

Асноўным на парадку дня трэцяй сесіі раённага Савета дэпутатаў было пытанне аб стане работы па забеспячэнні захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцяў. З дакладам выступіў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай Дабрыянец.

На тэрыторыі раёна знаходзіцца 84 матэрыяльныя нерухомыя гісторыка-культурныя каштоўнасці, з іх 11 уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Заканадаўствам прадугледжаны выраб праваўстаноўчай дакументацыі на кожны такі помнік. Займаюцца гэтым уласнікі аб’ектаў. Распрацаваны пашпарты на парк “Савейкі” (уласнік СЗАТ “ЛадаГарант”), комплекс былой сядзібы Чарноцкіх у аграгарадку Нача (ДП “Нача”), курганныя могільнікі перыяду ранняга сярэднявечча (IX-XIII стагоддзяў) у вёсках Гулічы, Куршынавічы, Навасёлкі (ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”), брацкая магіла на плошчы Перамогі ў райцэнтры (КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”). Тэхпашпарт новага ўзору распрацаваны на касцёл XIX стагоддзя ў аграгарадку Ліпск, распрацоўваецца на царкву Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Крывошын.

Беларуска-англійскае СЗАТ “ЛадаГарант”, якое набыло ў 2013 годзе з аўкцыёну палацава-паркавы комплекс “Савейкі”, накіравала на ўзгадненне ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь праект зоны аховы. У перспектыве пасля афармлення ўсіх прадугледжаных заканадаўствам працэдур уласнік плануе тут адкрыць гасцінічна-аздараўленчы комплекс.

На кожны аб’ект, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, складаецца ўліковая дакументацыя. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама разам з уласнікамі гісторыка-культурных каштоўнасцяў і Міністэрствам культуры вядзе работу па перазаключэнні ахоўных абавязацельстваў старога ўзору на дакументы новага ўзору. Жарабковіцкі сельвыканкам, на землях якога знаходзіцца брацкая магіла ў аграгарадку Падлессе, падпісаў ахоўнае абавязацельства на гісторыка-культурную каштоўнасць і накіраваў яго ў Міністэрства культуры на рэгістрацыю. Падобная працэдура неабходна і аб’екту “гаспадарчыя пабудовы”, які ўваходзіць у склад комплексу былой сядзібы Чарноцкіх у Начы і сёння з’яўляецца ўласнасцю фермерскай гаспадаркі “Даманскае”.

З-за немагчымасці ДП “Нача” падтрымліваць мясцовы палацава-паркавы комплекс у належным санітарным стане, будзе разглядацца пытанне аб перадачы яго ў прыватную ўласнасць. Праўда, для гэтага зноў жа патрэбны выраб дакументацыі, на што ў сельгаспрадпрыемства грошай няма…

Былая сядзіба Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка размешчана на землях СВК “Ляхавіцкі”, але не знаходзіцца на балансе сельгаскааператыва. На сённяшні дзень комплекс “Грушаўка” не мае гаспадара. Пытанне ўстанаўлення ўласніка палацава-паркавага комплексу патрабуе неадкладнага вырашэння і кантралюецца аблвыканкамам.

Ахова культурнай спадчыны займае важнае месца ў дзяржаўнай палітыцы. Пад пільнай увагай гэта пытанне і ў раёне. Але пакуль адшукваюцца фінансавыя магчымасці, вырашаюцца праблемы з дакументацыяй, культурныя помнікі разбураюцца. Ляхавіччына – унікальны край з багатай гісторыяй і культурнай спадчынай. У экспазіцыі Нясвіжскага палаца на гістарычнай карце ёсць назва нашага населенага пункта.

Важна паспець зберагчы тое нямногае, што яшчэ пашкадаваў час. Прыцягальная для турыстаў Грушаўка, якой калісьці валодала Барбара Радзівіл, ­ — радавы маёнтак вядомага Тадэвуша Рэйтана. Сёння, на жаль, не кожны школьнік ды і дарослы адкажа, хто такі Рэйтан. Парадак на тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля падтрымліваецца час ад часу, калі тут арганізуюцца, напрыклад, раённыя суботнікі.

Захаванне гістарычных каштоўнасцей – гэта магчымасць адкрыць край для шматлікіх турыстаў. Каб прэзентаваць Ляхавіччыну ва ўсёй яе паўнаце, патрэбны сродкі і шчырая зацікаўленасць адказных службаў, грамадскіх арганізацый і ўсіх нас, жыхароў раёна.

У верасні бягучага года пракуратура выявіла парушэнні заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. У асноўным яны звязаны з адсутнасцю ў мясцовым бюджэце фінансавых сродкаў, неабходных на распрацоўку дакументацыі на гісторыка-культурныя каштоўнасці, падтрыманне іх у належным санітарным і тэхнічным стане.

Старшыня Начаўскага сельвыканкама Вячаслаў Новік праінфармаваў пра дзеянні сельвыканкама па захаванні палацава-паркавых комплексаў на тэрыторыі сельсавета.

Дырэктар Крывошынскай СШ Юрый Чаранкевіч расказаў, якую работу праводзіць школа ў парку рэспубліканскага значэння “Рэпіхава”. Падкрэсліў, што для захавання парка і навядзення парадку на яго тэрыторыі неабходны сумесныя намаганні многіх зацікаўленых арганізацый.

Але, мусіць, самае галоўнае – гэтыя “сумесныя намаганні многіх зацікаўленых…” праяўляць і даводзіць да лагічнага завяршэння. Інакш мы незваротна страцім дарагія памяці і гісторыі каштоўнасці.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *