Не пачынаць, каб не шкадаваць.Што ляхавічане ведаюць пра небяспечныя спайсы — тэма чарговага апытання “ЛВ”

З пачатку года  раённы аддзел СК узбудзіў 4 крымінальныя справы за захоўванне наркатычных рэчываў. Дакладна падлічыць колькасць тых, хто пакаштаваў гэту атруту,  немагчыма — далёка не ўсе спажыўцы і прадаўцы наркотыкаў трапляюць у поле зроку праваахоўных органаў, медыкаў. Між тым, спайсавая хваля, што накрыла многія краіны, дайшла і да нашага раёна.  Што ляхавічане ведаюць пра небяспечныя спайсы, якую заслону на шляху наркатычных рэчываў лічаць найбольш эфектыўнай — тэма чарговага апытання “ЛВ”.

Таццяна УСЦЮШКОВА, урач-валеолаг ЦРБ:

— Спайсавая тэма  даволі хутка стала надзвычай актуальнай не толькі ў вялікіх гарадах. Колькасць тых, хто хоць аднойчы пакаштаваў гэтыя рэчывы, павялічваецца, расце і сумная статыстыка ахвяр іх ужывання. Як медык, з упэўненасцю магу сцвярджаць: спайсы і іншыя наркатычныя рэчывы — смяротна небяспечнае захапленне. Праваахоўнікі, урачы і педагогі даўно б’юць трывогу з гэтай нагоды. Так, прафілактычныя размовы, дэманстрацыя відэафільмаў, ролікі і сюжэты па тэлебачанні, сустрэчы з супрацоўнікамі праваахоўных органаў у навучальных установах, буклеты, артыкулы ў газетах і часопісах –  усё добра і неабходна.  Але пакуль праблему не зразумеюць у сям’і, не падыдуць рашуча да яе прафілактыкі яшчэ тады, калі дзіця вучыцца ў пачатковых класах, не будуць адмахвацца, маўляў, з маім дзіцем гэтага не можа здарыцца,  значных зрухаў у барацьбе са спайсавай заганай не будзе.  Усё пачынаецца з сям’і. Ні ў якім разе нельга замоўчваць праблему. Прынцып «менш знаеш – мацней спіш» тут не дапушчальны.

Самая выніковая парада ў барацьбе з усімі відамі наркотыкаў — не пачынаць.

Максім ПАПЛАЎСКІ, студэнт БНТУ:

— Пра ўздзеянне спайсаў на арганізм чалавека чытаў у газетах і  інтэрнэце. Бачыў на ўласныя вочы, што зрабілі ўсяго некалькі зацяжак курыльнай сумесі з юнаком з паралельнай групы ва ўніверсітэце. Для мяне  гэта карціна стала ў сотні разоў лепшай перасцярогай, чым любыя артыкулы ці размовы.

Не верце таму, хто скажа, што ад адной зацяжкі нічога дрэннага не здарыцца.

Наталля ШПАК, у водпуску па доглядзе за дзіцем:

— Мабыць, няма такога дня, каб па тэлебачанні не паказвалі і не расказвалі пра чарговых ахвяр спайсаў і іншых наркатычных рэчываў.  Страшна робіцца не толькі за сённяшнюю моладзь, бо пераважна юнакі і дзяўчаты трапляюць у палон наркатычнай залежнасці, але і за сваіх, пакуль яшчэ маленькіх дзяцей. Таму падтрымліваю прапановы ўзмацніць пакаранне за захоўванне і распаўсюджванне наркотыкаў, прыцягваць да крымінальнай адказнасці тых, хто іх ужывае.

Аліна КАРПОВІЧ, пенсіянерка:

— У мяне трое ўнукаў: два студэнты, адзін – працуе. Вось за іх баліць душа. Моладзь — яна такая падатлівая, цікаўная, усё хоча паспрабаваць, іншы раз і небяспечнае.  Лічу, трэба больш жорстка караць тых, хто  вырабляе і распаўсюджвае гэта злачыннае зелле, маладых і здаровых ператварае ў рана састарэлых і  нямоглых,  неадэкватных, згубіўшых пачуццё рэальнасці. Думаю, калі ў сям’і пануюць паважлівыя адносіны адзін да аднаго,  бацькам ёсць справа да таго, чым жывуць іх дзеці, тады ў маладых не будзе  жадання  ствараць настрой зацяжкай спайса.

Віталій ДАВІДОЎСКІ, ст. оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку:

— Пакуль, на жаль, спайсы, якія камусьці могуць каштаваць здароўя, а то і жыцця, можна купіць праз інтэрнэт.   Генпракуратура пастаянна абмяжоўвае доступ  да сайтаў з аб’явамі аб продажы наркотыкаў. Па статыстыцы, абарачэнне спайсаў на наркарынку Беларусі ўсяго за 2 месяцы вырасла больш чым у 12 разоў. Калі ў 2013 годзе курыльныя сумесі і маркі складалі 8 працэнтаў гэтага рынку, то сёння — 75. Здараецца, што за некалькі дзён у краіне ўзбуджаецца  больш за 50 крымінальных спраў адносна грамадзян, якія распаўсюджваюць спайсы. Сёлета з 11 красавіка  ўступіла ў сілу пастанова пленума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, якая абавязвае беларускія суды пры прызначэнні пакарання за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, не дапускаць прызначэння празмерна мяккага пакарання. Парламентарыі разглядаюць прапанову Міністэрства ўнутраных спраў аб пакаранні  тых, хто ўжывае наркотыкі.

Што датычыцца супрацьдзеяння распаўсюджванню курыльных сумесяў, то ляхавіцкія міліцыянеры праводзяць актыўныя  прафілактычныя мерапрыемствы: выступаюць у школах і каледжы паказам відэафільмаў і відэаролікаў пра негатыўныя наступсты ўжывання спайсаў. Хутка рэагуем на ўсе паведамленні, у тым ліку і ананімныя званкі, пра тых, хто  ўжывае наркотыкі. Ні адна просьба аб дапамозе не застаецца без увагі.

One thought on “Не пачынаць, каб не шкадаваць.Што ляхавічане ведаюць пра небяспечныя спайсы — тэма чарговага апытання “ЛВ”

  • 03/12/2014 в 23:50
    Permalink

    Плохо, что родители не замечают или предпочитают не замечать увлечённость своих повзрослевших детей не только сигаретами. Поговорите с ними, поинтересуйтесь, чем они живут, о чём пишут в социальных сетях. Посмотрите им в глаза.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *