Урача выклікалі? Падведзены вынікі работы ўстаноў аховы здароўя Ляхавіцкага раёна за мінулы год

На прыёме – загадчыца Востраўскага ФАПа Таццяна Аніскевіч.

Як спрацавалі нашы медыкі ў мінулым годзе, у тым ліку ў параўнанні з калегамі з іншых рэгіёнаў Брэстчыны; якія асноўныя задачы ставіць перад раённай аховай здароўя дзень сённяшні; якія праблемы найбольш хвалююць медработнікаў? Пра гэта ішла размова на нарадзе па выніках года, што адбылася ў Ляхавіцкай ЦРБ. У яе рабоце прынялі ўдзел начальнік упраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама Святлана Крапівіна, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці Нэлі Гіндзюк, намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень.

Сярод добрых навін, як адзначалася падчас абмеркавання пытання, – па выніках года мінулага ў раённай медыцыне намеціліся зрухі да лепшага. Нягледзячы на тое, што дэмаграфічная сітуацыя ў раёне застаецца па-ранейшаму неспрыяльнай, не на многа (з 569 у 2013 годзе да 514 у 2014г.), але зменшылася колькасць смерцяў, “мінусуе” смяротнасць сярод людзей працаздольнага ўзросту. Святлана Крапівіна так акрэсліла стан спраў:

— Заставаўся ў медыкаў рэзерв, і яго пачалі выкарыстоўваць. Каб дапамога была не толькі прафесійнай, але і своечасовай, неабходна паглыбленне ведаў, асваенне новых методык дыягностыкі і лячэння, больш увагі надаваць прафілактыцы. Адміністрацыі райбальніцы трэба ўзмацніць кантроль за работай пярвічных звёнаў аказання даўрачэбнай дапамогі, а ўрачам – самакантроль.

Галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Усцюшкоў спыніўся на асноўных складальніках медыцынскай работы. Гаварыў і пра тое, што кадры вырашаюць калі не ўсё, то многае. Кадравае пытанне па-ранейшаму на парадку дня. З дзевяці ўрачэбных амбулаторый дактары ёсць у пяці, у Падлескую, Савейкаўскую, Навасёлкаўскую на прыём прыязджаюць тэрапеўты паліклінікі, у Ліпскай — урач па сумяшчальніцтве. У райбальніцы не хапае педыятраў, неўролагаў, дэрматавенеролага, акушэра-гінеколага, урачоў функцыянальнай дыягностыкі. Чарговы раз словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас урачоў –ветэранаў галіны (іх 15), якія, нягледзячы на пенсійны ўзрост, працягваюць працаваць.

Ішла размова і пра тое, што з 2007 года на нізкім узроўні знаходзіцца паказчык нараджальнасці, а смяротнасці – адзін з самых высокіх на Брэстчыне. Прычынай смерцяў у 54 працэнтах выпадкаў з’яўляюцца хваробы кровазвароту, кожная дзясятая — з-за анкалагічных захворванняў.

Уладзімір Усцюшкоў адзначыў, што ў рабоце ўрачоў асноўнае месца па-ранейшаму займае лячэнне пацыентаў. А вось наведванні грамадзян з прафілактычнай мэтай недастаткова частыя. Такой жа думкі прытрымліваецца і Святлана Крапівіна:

— Па-ранейшаму важны накірунак работы медыкаў – ад фельчараў да галоўнага ўрача – прафілактыка хвароб, прапаганда здаровага ладу жыцця, фарміраванне санітарнай культуры насельніцтва. Большая актыўнасць з боку медыкаў шкоды не прынясе. Людзі павінны ўсвядоміць, што ім самім трэба таксама клапаціцца пра ўласнае здароўе, не ігнараваць дыспансерызацыю і прытрымлівацца прызначанага ўрачом лячэння.

Важным звяном аказання меддапамогі насельніцтву Уладзімір Усцюшкоў назваў аддзяленне хуткай дапамогі. У нашым раёне 123 населеныя пункты, і не заўсёды дзяжурныя брыгады з горада паспяваюць прыехаць па выкліку ва ўстаноўленыя тэрміны. Галоўны ўрач прапанаваў стварыць 3 дадатковыя пасты “хуткай” на базе сельскіх устаноў аховы здароўя і звярнуў увагу на неабходнасць удасканалення работы ўрачоў на прыёмах. Раённы паказчык неадкладных выклікаў перавышае сярэднеабласны, а выезд “хуткай” абыходзіцца бюджэту ў 305 тысяч рублёў. Для параўнання: прыём урачом у медустанове каштуе дзяржаве 68,7 тысячы рублёў, на даму ў пацыента – 58,5 тысячы.

Значныя бюджэтныя сродкі накіроўваюцца на лячэнне хворых у стацыянары. Летась у бальніцах і амбулаторыях на стацыянары пралечана 7896 чалавек, у сярэднім ложка-дзень абыходзіўся ў 333 тысячы рублёў. Начальнік упраўлення аховы здароўя падкрэсліла, што больш актыўнае выкарыстанне дзённых стацыянараў, прадаўжэнне лячэння, прызначанага ўрачом, на даму даюць добры эфект, але з’яўляюцца менш затратнымі.

На жаль, як і ў папярэднія гады, Ляхавіцкі раён лідзіруе ў вобласці па суіцыдальнай актыўнасці. Святлана Крапівіна падкрэсліла, што работнікі ўстаноў аховы здароўя, асабліва ў сельскай мясцовасці, многіх землякоў ведаюць літаральна з дзяцінства: як і чым яны жывуць, хто можа трапіць у групу рызыкі. Дарэчы, гэта не толькі медыцынская праблема, але і сацыяльная, і вырашаць яе трэба агульнымі намаганнямі з іншымі зацікаўленымі службамі.

Яшчэ адна набалелая праблема — алкагалізацыя насельніцтва. І тут таксама неабходна больш актыўная пазіцыя ўсіх ведамстваў, а не толькі нарколагаў і іншых медыцынскіх работнікаў.

– Важна як мага раней выявіць тых, хто можа папоўніць спісы хворых на алкагалізм, і займацца іх лячэннем на пачатковай стадыі. На ўліку ў наркалагічным кабінеце райпаліклінікі знаходзяцца 974 чалавекі, сярэднеабласны паказчык – 4400. Але ў раёне павялічваецца колькасць смерцяў ад інсультаў, прычынай якіх становіцца, у большасці, злоўжыванне алкаголем. Атрымліваецца, што, на самай справе, хранічна хворых на алкагалізм больш, чым тых, якія знаходзяцца пад кантролем, — зазначыла Святлана Крапівіна.

Для раённых медыкаў асабліва важна было пачуць ад начальніка ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама пра перспектывы аховы здароўя на Ляхавіччыне:

— У бліжэйшыя гады статус Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы не зменіцца. Безумоўна, аптымізацыя ўстаноў аховы здароўя раёна і далей будзе працягвацца, як, дарэчы, і іншых у вобласці. Чакае скарачэнне ложка-месцаў у некаторых аддзяленнях, перапрафіляванне. Аднак усе пераўтварэнні павінны пайсці на карысць якасці медыцынскай дапамогі, яе даступнасці.

Сярод асноўных задач на бліжэйшы час Уладзімір Усцюшкоў назваў, у тым ліку, частковае вырашэнне кадравай праблемы. Дарэчы, хутка атрымаюць службовае жыллё

5 маладых урачоў райбальніцы. Будзе прадаўжацца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічай базы і тэхнічнае пераўзбраенне медустаноў раёна. А гэта, чакаецца, станоўча паўплывае на жаданне маладых медыкаў застацца працаваць тут.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *