Палац для культуры

На фасадзе будынка, унутры, на прылягаючай тэрыторыі кожны дзень з’яўляецца нешта новае. Прыгожы сучасны праект, дзе ўдала спалучаецца каляровае рашэнне фасадаў, выкананае з дапамогай сучасных высакаякасныя аддзелачных матэрыялаў. Празрыстыя блокі з полікарбанату, металічныя канструкцыі і керамаграніт — гарадскі Дом культуры стане ўпрыгожваннем цэнтра Ляхавіч.
Праект стварылі работнікі КУПВАПП ”Ляхавіцкая архітэктура”. Як расказала начальнік аддзела культуры райвыканкама Ніна Прыхач, увасабляюць яго ў жыццё напэўна з дзесятак будаўнічых арганізацый, а генеральны падрадчык — Баранавіцкі будаўніча-мантажны поезд № 294. Яго прадстаўніцы – аддзелачніцы — сустрэлі нас у цудоўным настроі. Працуюць яны пад кіраў-ніцтвам брыгадзіра Ніны Лагвіновіч хутка, прыгожа, зацікаўлена. Стоячы высока на рыштаваннях, тынкавалі сцены ў будучай танцавальнай зале Таццяна Самусевіч, Вольга Дайнэка, Надзея Лашчаніца, Ганна Савонь, Алена Клюкач:
— Управімся з работай, нам не прывыкаць, і якасна ўсё зробім, пабачыце…
Ніна Прыхач прапанавала прайсціся па будоўлі, паглядзець, што ўжо зроблена, і ўявіць Дом культуры ў стане поўнай гатоўнасці.
У фае заканчваюцца работы з падвясной столлю, сцены пакрыты дэкаратыўнай тынкоўкай. У той жа танцзале так і хочацца затрымаць позірк на шмат’яруснай столі з каляровымі вітражамі. На ўзроўні другога паверха – балкон для музычнай апаратуры і вядучага дыскатэкі, што дае магчымасць значна павялічыць залу. Направа ад танцзалы – міні-бар з падсобнымі памяшканнямі, стойкамі і стацыянарнымі столікамі на 23 пасадачныя месцы. З фае можна адразу трапіць і ў гля-дзельную залу, якая пераўтвараецца ў шыкоўнае памяшканне з балконамі і лоджыямі для гледачоў. Прыгожая падвясная столь манціруецца з выкарыстаннем гукапа-глынальных матэрыялаў, на падлозе – паркет. Сцэна, па словах начальніка аддзела культуры, — мара для артыстаў. Механічнае абсталяванне дасць магчымасць хутка мяняць дэкарацыі, а святло сафітаў зачаруе кожнага. Грымёрныя (мужчынскія і жаночыя) з усімі выгодамі, асобныя класы для заняткаў салістаў, харавых калектываў, ансамбляў, студыя гуказапісу, кабінеты для работы метадыстаў, адміністрацыі – прасторныя, светлыя, якія засталося абставіць мэбляй.
Нарэшце збудзецца мара нашых таленавітых мастакоў са студыі “Апалон”. Яны будуць гаспадарамі выдатных класаў для заняткаў і дзвюх выставачных залаў, дзе змогуць ладзіць вернісажы.
Па старым адрасе, але ў новыя апартаменты вернецца дзіцячая бібліятэка. Для захоўвання кніг пабудавана спецыяльнае сховішча, а юныя чытачы атрымаюць яшчэ і чытальную залу, інтэрнет-клуб.
У дабудаваным крыле ўжо гатовы кабінеты для метадычнага цэнтра аддзела культуры, яшчэ з большым камфортам размесцяцца метадысты ГДК.
Не толькі з размахам, але і з клопатам пра людзей абсталёўваецца новы будынак гарадскога Дома культуры: сюды змогуць без праблем наведвацца людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Ёсць пандусы, нават санвузлы, спецыяльна прыстасаваныя для інвалідаў-калясачнікаў.
Вялікі ўчастак работы выкананы электрамантажнікамі, захоўваюцца ўсе патрабаванні пажарнай бяспекі. СПМК-16 узяла на сябе адказнасць за вода- і цеплазабеспячэнне, зроблена вентыляцыя. Наогул, выкананы ўсе мерапрыемствы, якія застаюцца “за кадрам”, але без якіх немагчыма функцыянаванне асноўных звенняў.
Афармленне і праект добраўпарадкавання тэрыторыі вакол установы культуры. Шмат’ярусныя клумбы, падсветкі, зялёныя насаджэнні і кветнікі, вымашчаныя пліткай дарожкі, абсталюецца стаянка для аўтатранспарту.
Стварэнне інтэр’еру, забеспячэнне мэбляй, светлавымі прыладамі, музычнай апаратурай — гэта ўжо асобная гісторыя. Ніна Прыхач паведаміла, што частка мэблі заказана. Яна будзе сучаснай, зручнай у карыстанні, прыгожай. Вырашаюцца пытанні і з набыццём апаратуры. Абстаноўка і тэхнічнае абсталяванне — асобны артыкул расходаў. Раённы і абласны бюджэты ўжо выдаткавалі на рэканструкцыю Дома культуры ў Ляхавічах больш за 6,5 мільярда рублёў. Ужо можна лічыць дні да таго моманту, калі мы атрымаем гэты шыкоўны падарунак. Адкрыццё ГДК запланавана на лістапад.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *