А да парадку далёка. Удзельнікі Ляхавіцкага раённага семінара па жывёлагадоўлі пабывалі на дзвюх малочнатаварных фермах

Удзельнікі раённага семінара па жывёлагадоўлі пабывалі на дзвюх малочнатаварных фермах ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, дзе паглядзелі, як выконваюцца ў гаспадарцы галіновыя рэгламенты пры вытворчасці малака.

На МТФ “Вялікае Гарадзішча” пераканаліся, што пры рэканструкцыі жывёлагадоўчага памяшкання галоўная ўвага была нададзена пераводу жывёлы на беспрывязнае ўтрыманне на глыбокай падсцілцы. Тое, што неабходна раздзяліць жывёлу на тэхналагічныя групы, наладзіць дыферэнцыраванае кармленне, да ўвагі не бралася. Як адзначыў намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Максім Гульковіч, не выдзелены і сухастой, увесь статак знаходзіцца на адным рацыёне. Разам утрымліваюцца і старыя каровы, і з павышаным утрыманнем у малацэ саматычных клетак – адсюль нізкая якасць прадукцыі. У асноўны статак ўводзіцца мала першацёлак.

У другім памяшканні МТФ – антысанітарыя. Абсталяваныя стойлы для ўтрымання жывёлы кароткія, дрэнна працуе транспарцёр гноевыдалення, а каровы ўтрымліваюцца на ланцугах. Нягледзячы на шматразовыя заўвагі, да гэтага часу не адрамантавана сістэма водапаення.

Сярод станоўчых момантаў у арганізацыі жывёлагадоўлі Максім Гульковіч адзначыў наяўнасць клетак для індывідуальнага ўтрымання нованароджанага маладняку, абсталяваны тэрмабокс, 2 загоны для расцёлаў.

Дырэктару райаграсэрвіса Дзмітрыю Несцяровічу трэба ўзмацніць кантроль за работай заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў гаспдаркі, неабходна таксама задумацца наконт адпаведнасці пасады загадчыка МТФ “Вялікае Гарадзішча”.

Новы комплекс “Падбарочча” сустрэў парадкам. Сучаснае абсталяванне, утрыманне і даенне па новых тэхналогіях. Вынікі работы таксама радуюць: ад кожнай каровы дояць штодзень па 20 літраў малака ( у цэлым па гаспадарцы – 11,4). Па сучаснай тэхналогіі ўтрымліваюцца і цяляты. З сакавіка тут плануюць здаваць малако гатункам экстра, а да жніўня асноўны статак будзе поўнасцю ўкамплектаваны цялушкамі.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *