Юбілей у юбілей. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Лойка адзначыў свой 90-ы дзень нараджэння

У мінулую суботу ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Лойка адзначыў свой 90-ы дзень нараджэння. А гэтымі днямі ў яго яшчэ адзін юбілей – разам з райаддзелам міліцыі, дзе давялося працаваць у першыя пасляваенныя гады, адзначае 75-годдзе з дня ўтварэння РАУС.

Зусім юным Фёдар Фёдаравіч стаў салдатам і пачаў свой нялёгкі баявы шлях. Служыў у падраздзяленні зенітнай артылерыі. З баямі дайшоў да Балтыкі, вызваляў Варшаву. Усяго 16 кіламетраў не дайшоў да Берліна: спыніла вестка пра перамогу.

Аднак для Фёдара Лойкі ваенная служба тады не закончылася. Толькі ў 1946 годзе дэмабілізавалі і накіравалі ў родныя мясціны на работу ў міліцыю. Змагаўся з недабітымі фашыстамі, здраднікамі, бандытамі.

Фёдар Лойка ніколі не марыў быць работнікам праваахоўных органаў, а стаў ім назаўжды. У якасці оперупаўнаважанага па транспартных здарэннях быў накіраваны ў Тулу. У войсках МУС служыў у Арле, пасля на Урале. Завочна закончыў Ленінградскую ваенна-палітычную школу і атрымаў новае прызначэнне – на Поўнач, намеснікам начальніка адной з калоній для асоба небяспечных рэцыдывістаў.

У родны край вярнуўся заслужаным пенсіянерам, аднак яшчэ доўга працаваў на прадпрыемствах горада. Ён і сёння, у свае 90 гадоў, выглядае моцным і бадзёрым. Рэцэпт яго даўгалецця ў любві — да людзей, да родных і блізкіх, да ціхіх мірных ранкаў – да жыцця. Жыцця, якое сваім сучаснікам і нашчадкам падарылі героі Вялікай Айчыннай. Падарылі разам з Вялікай Перамогай, якой сёлета ў маі споўніцца 70.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *