Вясёлы і знаходлівы “Пламбір” з СШ №1 г.Ляхавічы

Каманда СШ № 1 на сцэне абласной лігі КВЗ

Ляхавічы прагучалі ў сталіцы: каманда СШ №1 “Пламбір” прадстаўляла Брэсцкую вобласць на IV рэспубліканскім турніры па гульні клуба вясёлых і знаходлівых “У будучыню з усмешкай” , што праводзіўся нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі сярод школьнікаў.

А пачыналася ўсё з “дамашняй” перамогі 12 актыўных, творчых і крэатыўных юнакоў і дзяўчат, якая і дала пуцёўку для ўдзелу ў фестывалі адкрытай абласной лігі КВЗ. Там “Пламбір” спаборнічаў з 20 школьнымі і студэнцкімі камандамі з усіх раёнаў Брэстчыны. 15 лепшых прайшлі ў 1/8 фінала. Арыгінальныя жарты, выдатныя акцёрскія здольнасці прывялі нашых юных землякоў на рэспубліканскую сцэну.

Рэпетыцыі і выступленні з’ядналі рабят. Яны прыдумваюць, вынаходзяць, жартуюць. Дапамагаюць школьнікам рыхтавацца да ўдзелу ў гульнях КВЗ намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №1 Наталля Маслоўская, якая па сумяшчальніцтве і кіраўнік каманды, педагогі Вольга Дыдышка, Алена Дзянішчык і педагог-арганізатар цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Аляксандр Стэцко.

Брэсцкае журы, расказвае Наталля Маслоўская, адзначыла “Пламбір” як самую яркую каманду-навічок. Мінскія суддзі назвалі ляхавічан самымі патрыятычнымі: падчас выступлення рабяты з добрым гумарам і любоўю расказвалі пра свой родны гарадок. Адзначыла журы і артыстычныя здольнасці старшакласніцы Наталлі Пратасевіч. Рэспубліканскі турнір, у якім пашчасціла выступаць 9 лепшым камандам з усёй краіны, прынёс “Пламбіру” ганаровае чацвёртае месца.

27-28 красавіка ігракі КВЗ СШ № 1 свой непаўторны гумар прэзентуюць у Брэсце, дзе пройдзе 1/8 гульні, якая, верым, адкрые для нашых рабят шлях у чвэрцьфінал.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва СШ № 1.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *