Юбілейныя падрабязнасці. Ветэраны Вялікай Айчыннай заўсёды ў цэнтры дзяржаўнай увагі

Дзе ў аграгарадку «Жарабковічы» жыве ветэран Фёдар Леваш – ведаюць і дзеці, і дарослыя.

Ветэраны Вялікай Айчыннай заўсёды ў цэнтры дзяржаўнай увагі, яны самыя паважаныя людзі, прыклад мужнасці і жыццёвай трываласці для нашчадкаў. Безумоўна, без клопату і падтрымкі ім абыходзіцца цяжка. Валанцёры дапамагаюць у навядзенні парадку ў дварах, дамах і кватэрах удзельнікаў вайны, прадпрыемствы і арганізацыі аказваюць матэрыяльную дапамогу, уручаюць падарункі і віншавальныя паштоўкі да знамянальных дат, установы культуры ладзяць вечары-сустрэчы і ўшанаванні тых, хто набліжаў слаўную пераможную дату.

За сродкі з фонду сацыяльнай абароны насельніцтва па папярэдніх заяўках ветэранаў у іх дамах адрамантавана пячное ацяпленне, уладкавана агароджа, пракладзены водаправод. Без падарункаў і матэрыяльнай дапамогі не застанецца ні адзін ветэран. А, напрыклад, гандлёвая сетка “Еўрагандаль” фінансуе набыццё харчовых набораў, што будуць уручаны па канкрэтных адрасах якраз да 9 мая.
Для супрацоўнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва падапечныя ветэраны – у зоне асаблівай увагі і клопату, і не толькі ў юбілейны год Перамогі. Дырэктар ТЦСАН Галіна Пішч нагадала, што па рашэнні райвыканкама ўсе ветэраны Вялікай Айчыннай пры жаданні могуць на бясплатнай аснове скарыстацца правам на надомнае абслугоўванне. Сацыяльныя работнікі дапамагаюць сямі ўдзельнікам вайны, двум інвалідам, сямі былым вязням, тром сем’ям загінуўшых. Традыцыйна напярэдадні слаўнай даты 9 Мая ў дзверы кватэр і дамоў усіх без выключэння ветэранаў пастукаюць сацыяльныя работнікі, каб павіншаваць, пагаварыць па душах, успомніць тых, каго няма побач, падбадзёрыць, дапамагчы.
Не застаўся ў баку ад святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі і Белкаапсаюз. Як расказаў старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч, з 8 красавіка па 9 мая 2015 года ва ўсіх гарадскіх і вясковых магазінах райспажыўсаюза на пэўныя харчовыя тавары дзейнічаюць скідкі да 50 працэнтаў для ўсіх пакупнікоў. З пералікам тавараў можна азнаёміцца ў кожнай гандлёвай кропцы ў спецыяльных буклетах. Для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з 1 па 9 мая рашэннем праўлення райпо прадугледжана магчымасць купіць любы тавар (харчовы ці прамысловы) у растэрміноўку на 6 месяцаў без першапачатковага ўзносу.
Па даўняй традыцыі напярэдадні Дня Перамогі прадстаўнікі многіх сельгаспрадпрыемстваў раёна спяшаюцца па адрасах паважаных ветэранаў, каб павіншаваць іх са слаўнай датай і ўручыць падарункі. Вось і сёлета матэрыяльную дапамогу атрымаюць ветэраны Вялікай Айчыннай, якія жывуць на тэрыторыях СВК “Шлях новы”, “Ляхавіцкі”, “Жарабковічы”, ДП “Нача”, іншых гаспадарак. Па словах старшыні “Шляху новага” Аляксандра Вашчука, кіраўніцтва гаспадаркі абавязкова завітае разам з удзельнікамі народнага  ансамбля песні, гульні і гумару “Вечарніца” да сваіх шаноўных землякоў, каб павіншаваць асабіста, выказаць удзячнасць, перадаць матэрыяльную дапамогу.
Але важна не толькі матэрыяльная дапамога. Шмат увагі надаецца ўмовам жыцця, бяспецы ветэранаў. Інспектары дзяржаўнага пажарнага нагляду РАНС правялі пажарна-тэхнічнае абследаванне іх дамоў і кватэр, асаблівая ўвага надавалася стану электраправодкі, электраабсталявання, пячнога ацяплення, прыдамавых тэрыторый, спраўнасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
Штодня клапоцяцца пра ветэранаў і медыкі. Як паведамілі ў райбальніцы, сёлета абследаваны 11 удзельнікаў і 12 інвалідаў вайны, 7 работнікаў тылу, 2 — прыфрантавых участкаў дарог. Ветэраны лечацца ў стацыянары ў спецыяльна абсталяваных палатах.
Белтэлекам пастараўся, каб напярэдадні юбілейных урачыстасцяў у кватэрах і дамах землякоў-ветэранаў з’явілася Zala. І гэтай паслугай яны да канца года будуць карыстацца бясплатна. Даспадобы прыйшліся і іншыя падарункі ад электрасувязістаў — рыдыёпрыёмнікі, сэрвісныя тэлефонныя карты, бясплатныя тэлефонныя званкі з 7 па 11 мая ў межах краіны.
Ніхто не забыты, нішто не забыта — гэтыя словы вызначальныя ў патрыятычным выхаванні ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы. Багаты на экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай, тутэйшы музей, дзе праходзяць не толькі пазакласныя мерапрыемствы для агракаляджан, але і ўрокі мужнасці для школьнікаў. На такія сустрэчы часта запрашаюцца ўдзельнікі вайны.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Былы педагог, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Вялічка з Задвор'я - часты госць на сустрэчах са школьнікамі

Ляхавічанін Уладзімір Тамашук прайшоў дарогамі вайны ад родных мясцін да Кёнігсберга.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *