Па запаветах Ільіча. Ён – адзін з тых, з каго пачынаўся «Совецкі патрыёт»

Вікенцій Ільіч Бурло жадае ўсім міру.

Насуперак узросту і ў згодзе з ім. Такое адзінства і барацьба супрацьлегласцяў дакладна падкрэслівае і вызначае нашага героя. Чалавек-легенда, ветэран Вялікай Айчыннай, педагог і журналіст, сапраўдны чалавек – такія, як ён, і былі салдатамі Перамогі.

Размова пра Бурло, шаноўнага Вікенція Ільіча, ”веснікаўскага” Ільіча. Дастаткова сказаць, што восенню 1943 года ў партызанскім атрадзе імя Лазо народны мсцівец Бурло стаў адным з трох членаў рэдкалегіі нованароджанай падпольнай газеты “Совецкі патрыёт”. Яго подпісам суправаджаўся не адзін нумар выдання, а публікацыі расказвалі пра дыверсіі супраць фашыстаў на акупіраванай тэрыторыі, пра ваенныя выпрабаванні, якія выпалі на долю землякоў. Простымі сказамі без слоўнай квяцістасці гаварыў і пісаў пра галоўнае, і гэтым галоўным была вера ў Перамогу.

Заўтра дарагі сэрцу юбілей – 70-годдзе міру. Яго сустракае Вікенцій Ільіч напярэдадні свайго 95-годдзя даволі ба-дзёрым, з непаўторна маладым і ясным позіркам, з памяццю, што захавала да драбніц час, які выбраў яго пакаленне для таго, каб яно адстаяла мір. Сярод асабліва паважаных герояў Ільіч назаве тых, з кім партызаніў, і абавязкова – сакратара падпольнага райкама КП(б)Б Сцяпана Дзесюкевіча, паўторыць яго выказванне, што “газета – другая зброя супраць фашыстаў”.

З нашым раёнам звязана не толькі ваенная біяграфія Бурло – тут ён працаваў і пасля вызвалення Беларусі ад акупантаў – у раённай газеце, на раённым радыё. Зрэшты, педагог па адукацыі, вярнуўся да настаўніцтва, быў прызначаны завучам у вячэрнюю школу. Пазней пераехаў на Стаўбцоўшчыну, а ў 1974-м – у саўгас-камбінат “Мір” Баранавіцкага раёна, дзе настаўнічаў, узначальваў ветэранскую арганізацыю. Там, у пасёлку Мір, яго кватэра, але больш часу Вікенцій Ільіч праводзіць у дзяцей – іх у яго шасцёра. Напрыканцы красавіка, напрыклад, гасцяваў у Мінску. Але сын Уладзімір, якому патэлефанавала ў Бярозу, добразычліва і радасна паведаміў: напярэдадні святаў бацька будзе дома. І запрасіў журналістаў “Ляхавіцкага весніка” прыязджаць. Прыедзем абавязкова, дарогу ведаем – не ў першы раз збіраемся да піянера раёнкі, аднаго з тых, з каго пачыналася яе гісторыя, аднаго з тых, хто набліжаў Перамогу. І чый запавет мы, сённяшнія ”веснікаўцы”, свята выконваем: услаўляем мір і герояў, якія яго здабылі ў страшэнных віхурах вайны, расказваем пра нашчадкаў, хто гэты мір як самую дарагую святыню аберагае і ўмацоўвае сёння.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Па запаветах Ільіча. Ён – адзін з тых, з каго пачынаўся «Совецкі патрыёт»

  • 08/05/2015 в 16:59
    Permalink

    У высокашаноўнага Вікенція Ільіча, павінен быць цікавы для даследчыкаў і краязнаўцаў архіў. Гэта паперы, газэты, паштоўкі,фотаздымкі. Пытанне, а ці збіраецца ЛВ заняцца лічбаваннем архіваў нашых удзельнікаў і ветеранаў ВАВ і працы!? Бо, час ідзе і маем тое што маем.Перакручванне гісторыі нашае Перамогі. Ужо мы ужо мабыць «страцілі» прыватныя архівы радзінаў Каравых, Шацілы, Пархомчыкаў, Сокала, Малевічы, Маргуновых, Рагоўскіх, Макрыдзіных, Шамісаў, Бярковічаў , Піліпчукоў, Казловых, Бярэзіных, Сарокіных, Кідзіных…Гэта патрэбная справа і да яе павінны прыслужацца працаўнікі пяра! Хаця сёння ужо трэба гаварыць не «пяра», а «Лічбы». Трэба ці пры сайце ЛВ ці побач закласці сайт «адлічбаваных прыватных архіваў» горада і раёну.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *