Чыста там, дзе прыбіраюць. І не смецяць

Стала добрай традыцыяй кожную вясну пачынаць навядзеннем парадку ў гарадах і вёсках. Сёлета рашэннем райвыканкама генеральная ўборка на Ляхавіччыне праводзілася з 16 сакавіка па 30 красавіка. У месячніку па добраўпарадкаванні прымалі ўдзел амаль усе арганізацыі і прадпрыемствы, шчыравалі бээрэсэмаўцы, каляджане, школьнікі.

Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама, кіраўнік рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні месячніка Вячаслаў Самахвал, асаблівая ўвага звернута на прывядзенне ў парадак мясцін баявой славы, брацкіх магіл, рамонт помнікаў і абеліскаў. Ліквідавана 30 несанкцыянаваных сметнікаў, спілена 58 аварыйных дрэваў.

Работнікі ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” падчас акцыі “Тыдзень лесу” ачышчалі лясы ад паслязімовага смецця, устанаўлівалі аншлагі і стылізаваныя пано на прыродаахоўную тэматыку, шлагбаўмы. Папрацавалі дарожнікі: ачысцілі прыдарожныя палосы, адрамантавалі аўтобусныя прыпынкі. СВК “Шлях новы” і “Ляхавіцкі” рэкультывавалі 2 кар’еры агульнай плошчай 2 гектары, цяпер гэтыя землі набылі статус ворных угоддзяў.

Значны аб’ём работ на рахунку сельвыканкамаў і камунгаса. Адрамантаваны агароджы могілак у райцэнтры, вёсцы Літва, устаноўлены кантэйнеры для збору цвёрдых камунальных адходаў у Тухавічах і Дараве.

Наведзены парадак на міні-палігонах цвёрдых камунальных адходаў каля вёсак Грушаўка, Лабузы, Пашкоўцы, Тальмінавічы, Бенькаўцы. Адрамантавана 4 дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі ў дварах шматкватэрнікаў. Прагрэйдзіравана 135 кіламетраў вуліц з гравійным пакрыццём, пасаджана 250 дрэў, 50 кустоў, 3 000 кветак. Наўрад ці каго пакіне абыякавым рознакаляровы кветкавы аазіс каля гасцініцы ў райцэнтры. Канешне ж, прыемна, што упрыгожаны такім уборам “Эдэльвейс” сустракае гасцей горада. І ў параўнанні з ім нейк сіратліва выглядае кветнік каля раённай Галерэі славы. Ды і на плошчы Перамогі кветак не так і многа, як хацелася.

Супрацоўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выявілі 18 фактаў парушэння прыродаахоўнага заканадаўства і правілаў добраўпарадкавання населеных пунктаў, складзена 18 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, накладзена штрафаў на суму больш за 18 мільёнаў рублёў.

Што датычыцца “чыстых чацвяргоў”, то як сцвярджае начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Грынялевіч, пакуль не ўсе прадпрыемствы і арганізацыі спяшаюцца падтрымліваць чысціню і парадак на замацаваных за імі тэрыторыях.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *