Праўнукі пра прадзедаў, якія мужнасцю сваёй у неўміручасць крочылі. «ЛВ» узнагародзіў пераможцаў творчага конкурсу

Юныя пераможцы творчага конкурсу Ніка Маслабоева, Вікторыя Сельмановіч, Сяргей Лешык і Анастасія Пляшко.

Гасцямі рэдакцыі за некалькі дзён да апошняга школьнага званка сталі юныя землякі – пераможцы творчага конкурсу, аб’яўленага раёнкай і райкамам БРСМ да 70-годдзя Вялікай Перамогі «Мужнасцю сваёй у неўміручасць крочылі. Праўнукі пра прадзедаў». Іх пяцёра, чые сачыненні прызнаны лепшымі. Шчырыя радкі пра вайну і пра герояў, пра сваіх родных, якія адваявалі мір, уражваюць сардэчнасцю і захапленнем, бязмежнай удзячнасцю і пашанай. Урыўкі з эсэ пераможцаў былі надрукаваны ў «ЛВ» за 8 мая.

Гэты ўрок пасля ўрокаў – работа над сачыненнем, калі давялося пра многае даведацца, многае перадумаць, уявіць і выказаць пранізліва проста і па-юнацку пераканана свае пачуцці, свае высновы, – не забудзецца. Ён не менш важны для фарміравання асобы, чым засвоеныя школьныя прадметы, паспяхова выкананыя кантрольныя работы. Праўнукі герояў, ужо нават прапраўнукі, жывуць на зямлі ў шчасці і міры, у клопаце пра іх з боку дзяржавы і бацькоў. З маленства яны ўсведамляюць, каму гэтым абавязаны, і што ніхто з герояў не павінен быць забыты. Ды і хіба можа быць інакш?

На сустрэчу яны прыйшлі са сваімі настаўнікамі. Праўда, дыпломы ад газеты «Ляхавіцкі веснік» і райкама БРСМ асабіста ўручылі чацвярым: 10-класніца-гімназістка Анастасія Пляшко, яе равесніца з Крывошынскай СШ Вікторыя Сельмановіч, 7-класніца са Свяціцкай школы Ніка Маслабоева і 7-класнік Малагарадзішчанскага дс-сш Сяргей Лешык атрымалі свае ўзнагароды ў рэдакцыі. А 9-класніца з Малога Гарадзішча Міраслава Карповіч у той дзень у Брэсце ўдзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах, таму дыплом і падарунак ёй уручаць на апошняй у гэтым годзе школьнай лінейцы.

«Веснікаўцы» і першы сакратар РК БРСМ Тамара Пракап’юк павіншавалі сваіх юных землякоў і з хуткім заканчэннем навучальнага года, і з паспяховым удзелам у творчым конкурсе.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *