Скасіць і не «накасячыць»

Гэта азначае, што травы павінны быць своечасова і па правілах скошаны, убраны і ў адпаведнасці з патрабаваннямі корманарыхтоўчай тэхналогіі закладзены на захоўванне. Найлепшы касавічны тэрмін заканчваецца на экватары чэрвеня. Чым далей, тым менш сакавітасці і яркага зяленіва застаецца ў травах. Яны губляюць пажыўнасць вітамінізаванасць – грубеюць. А значыць і ўсю наступную кормавытворчую работу вобразна можна так і назваць – грубая. Сельгаскааператывы раёна сабе не ворагі і імкнуцца максімальна вынікова выкарыстаць адпушчаны прыродай час. Атрымліваецца па рознаму, але ў цэлым горш таго, што аграрыі мелі летась на гэты час. У пераразліку на тоны кармавых адзінак мінулагодняя лічба выглядала на чвэрць больш выгадна. Акрамя СВК “Ляхавіцкі” і ЗАТ “Белпрампрыбор” – 130 і 198 працэнтаў да ўзроўню 2014 года адпаведна – сябе леташніх не паўтарыла пакуль ні адна гаспадарка раёна.
Як сведчыць статыстыка раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, сёлетні “мінус” сфарміраваўся “дзякуючы” недабору сенажу. Калі летась 8 чэрвеня ў засеках нашых аграрыяў знаходзілася ўжо 24,8 тысячы тон названага віду корму, то цяперашнія сенажныя нарыхтоўкі на 5,8 тысяч тон худзейшыя. Прычым і ў гэтым выпадку ”Ляхавіцкі” і ”Белпрампрыбор” стаяць асобна – у адрозненні ад усіх астатніх сенажныя закладкі гэтага года ў іх перавышаюць леташнюю лічбу-аналаг. Усё большае распаўсюджанне ў раённых аграрыяў набывае так званая ”рулонна-палімерная” тэхналогія нарыхтоўкі сенажу. Сёння ў палімернай абгортцы знаходзіцца нават больш, чым кожная трэцяя тона сенажу. Расце таксама і колькасць гаспадарак, дзе падобнае практыкуюць. У гэтай сувязі дарэчы адзначыць факт дапамогі адных другім. Маюць месца розныя варыянты. Напрыклад, дзякуючы тэхнічнаму забеспячэнню з боку Ляхавіцкага райаграсэрвіса і агракаледжа для СВК “Тальмінавічы” нарыхтавана больш за тысячу тон сенажу. Прэс-падборшчык таго ж райаграсэрвіса ўпакаваў у плёнку больш за 40 тон сенажу для “Ліпнянкі”, а СВК “Ляхавіцкі” падзяліўся рулонным прэс-падборшчыкам з суседзямі з “Начы”.
А вось у пытаннях сенанарыхтовак гаспадарнікі раёна ідуць з апярэджаннем года мінулага. У раённым сенасховішчы знаходзіцца 880 тон названага прадукту. Аднак гэта хоць і перавышае на паўтысячы тон аналагічную леташнюю лічбу, але займае ўсяго 12 працэнтаў у аб’ёме запланаваных гадавых сенанарыхтовак.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *