Кукурузны неўраджай

Прагадалі сельгаспрадпрыемствы, якія ў сенажаць асабліва не напружваліся, а спадзяваліся на ўраджай кукурузы. Як заўсёды, пасевы гэтай культуры занялі ўнушальныя плошчы ў СВК «Шлях новы» (1570 гектараў), Жарабковічах (1400), райаграсэрвісе (835), а ўсяго па раёне «царыца палёў» размясцілася амаль на 5600 гектарах. Як меркавалі ў многіх сельгаспрадпрыемствах, хопіць і на сілас, і на зерне. Але здарыўся неўраджай: калі фарміравалася зерне ў кукурузных пачатках, усталявалася засушлівае надвор’е і недахоп вільгаці стаў асноўнай прычынай недаразвіцця расліны.

Практычна ўсім сельгаспрадпрыемствам раёна давялося пераглядаць планы ўборкі гэтай культуры на зерне ў бок значнага змяншэння. У цэлым па раёне плошчы, прызначаныя для ўборкі на зерне, зменшаны больш як у 3 разы.

Бедныя кукурузныя засекі – гэта няпоўны рацыён маладняку буйной рагатай жывёлы, недахоп аднаго з галоўных кампанентаў пры прыгатаванні камбікармоў. Каб кампенсаваць агульны недабор кармоў (на адну ўмоўную галаву жывёлы ў раёне нарыхтавана пакуль на 3 цэнтнеры кармавых адзінак менш, чым летась у гэты ж перыяд), ва ўсіх гаспадарках сіласныя траншэі напаўняюцца кукурузнай масай. У некаторых сельгаспрадпрыемствах закладваецца яшчэ і саламанаж. Напрыклад, у СВК «Жарабковічы» яго прыгатавана больш як 5000 тон. Гэты вопыт карысны асабліва для райаграсэрвіса, СВК «Ліпнянка, «Тальмінавічы, іншых сельгаспрадпрыемстваў, дзе нарыхтавана мала кармоў. Пакуль па раёне на ўмоўную галаву жывёлы назапашана па 12,9 цэнтнера кармавых адзінак. Кукуруза, убраная на сілас, як лічаць спецыялісты, павінна значна папоўніць зімовыя запасы для грамадскага статка.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *