Каб з іскры не разгарэлася полымя

Ацяпляльны сезон 2015-2016 пачаўся раней звычайнага, за некалькі дзён усе аб’екты былі падключаны да цэнтралізаванага ацяплення. Асаблівых праблем не адзначана: крыніцы падрыхтаваны своечасова. Наколькі якасна – пакажа зіма.

А вось жыльцам прыватных дамоў трэба было самастойна паклапаціцца пра гатоўнасць да эксплуатацыі іх газавых катлоў і печаў. У 2013 і 2014 гадах у раёне адбылося па 39 пажараў, сёлета з пачатку года – 26. Як адзначыў начальнік РАНС Валерый Равінскі, прычына пяці з іх – неналежная эксплуатацыя пячнога ацяплення – гарэла сажа ў коміне. Летась ад атручвання прадуктамі гарэння загінулі 9 чалавек. Асноўныя прычыны надзвычайных сітуацый – няправільная эксплуатацыя прыбораў ацяплення. Быў выпадак, калі зімой у РАНС звярнуўся ляхавічанін са скаргай: у яго доме не працуе газавы кацёл, адсутнічае цяга ў коміне, сям’я мерзне без ацяплення. Прычына надзвычайнай сітуацыі аказалася банальнай: гаспадар не падрыхтаваўся да зімы, не праверыў кацёл. Плюс да ўсяго, шчыльна зашыў дымавы канал на даху металапрофілем. Дарэчы, як паказвае практыка, такая прычына пры зваротах грамадзян за дапамогай у раён газазабеспячэння, камунгас, РАНС даволі распаўсюджаная. Але пры гэтым ні адзін з уласнікаў, не патурбаваўся перад ацяпляльным сезонам і не праверыў цягу ў коміне.

Дымавыя і вентыляцыйныя каналы павінны перыядычна правярацца і ачышчацца: цагляныя коміны – не радзей аднаго раза ў квартал, вентыляцыйныя каналы, асбестацэментныя і ганчарныя коміны – штогод.

Праверка і выпрабаванне вентыляцыйных сістэм шматкватэрных жылых дамоў, якія знаходзяцца на балансе ЖКГ ці жыллёва-будаўнічых кааператываў, праводзяцца ў абавязковым парадку раз у год, часцей – у выпадку нездавальняючых вынікаў аналізаў паветра навакольнага асяроддзя ці пасля пера-абсталявання, наладкі і капітальнага рамонту ўстановак спецыялізаванымі арганізацыямі.

Начальнік раёна газазабеспячэння Ігар Чвыр праінфармаваў, што ў зоне ўвагі газавікоў 2110 ацяпляльных катлоў і газавых установак і што па стане на 16 кастрычніка па графіку правераны і тэхнічна абслужаны 1560 адзінак. Галоўнае, на што звяртаюць увагу спецыялісты, – наяўнасць цягі.

Своечасова праверыць усе аб’екты не дазваляе адсутнасць гаспадароў дома. На першы раз пакідаецца паведамленне пра “візіт” газавай службы і пра дату наступнага. Калі ж у вызначаны тэрмін гаспадароў зноў не аказваецца дома, газавікі маюць права адключыць прыборы ад падачы газу. Сёлета было 15 такіх адключэнняў.

Гэта ж датычыцца і домаўладанняў з печкамі. Каб не здарылася бяды, коміны неабходна чысціць як мінімум раз у год. Аднак у раёне нямала адрасоў, калі гэта робіцца праз 2-3 гады. Што атрымліваецца? Сажа збіраецца на сценках коміна і пры інтэнсіўным прапальванні печкі ад высокай тэмпературы загараецца. У выніку разбураецца комін, іскры трапляюць на гарышча ці ў дом – і пачынаецца пажар. Менавіта па такім сцэнарыі адбываліся трагічныя падзеі ў вёсках Рамашкі, Счаснавічы і іншых. Ахвярамі станавіліся ў асноўным пажылыя людзі, многія з іх адзінока пражываючыя. Такія катэгорыі грамадзян павінны знаходзіцца пад асаблівай увагай сацыяльнай службы, сельвыканкамаў, выратавальнікаў, газавікоў, камунальнікаў. Не лішнім будзе наведваць часцей, каб пацікавіцца, як жыве пажылы чалавек, якія ў яго праблемы, і дапамагчы іх вырашыць.

Па словах начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леаніда Калбасы, сёлета адрамантавана пячное ацяпленне ў дамах 11 адзінокіх грамадзян. На гэтыя мэты з раённага бюджэту выдаткавана амаль 57 мільёнаў рублёў. За кошт сродкаў Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва аказана матэрыяльная дапамога ў суме 720 тысяч рублёў на рамонт печкі адзінокай грамадзянкі. Сёлета 89 жыхароў горада і раёна (27 з іх пражываюць у Крывошынскім сельсавеце) звярнуліся за дапамогай для набыцця паліва і з Фонду сацабароны ім выдаткавана матэрыяльная дапамога на 31 мільён рублёў.

Спецыялісты РАНС праводзяць прафілактычную работу з насельніцтвам па папярэджанні пажараў, звязаных з няправільнай эксплуатацыяй пячнога ацяплення. Пад асаблівую ўвагу трапляюць мнагадзетныя і неўладкаваныя сем’і, асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

Што датычыцца рамонту печак, то ёсць праблема: цяжка знайсці пячніка, які пачысціць той жа комін. Як патлумачыў майстар участка жылфонда камунгаса Дзмітрый Матчэня, пячнік прадпрыемства па папярэдняй заяўцы гатовы аказаць платную паслугу ў любой кропцы раёна. Але з пачатку года такой магчымасцю скарысталася толькі каля дзясятка чалавек.

Сістэмы ацяплення жыллёвага сектара ў зоне павышанай увагі і энергетыкаў. Інспектар энерганагляду Аляксандр Бародзіч асноўнымі прычынамі выбухаў бытавых катлоў, устаноўленных у дамах грамадзян, называе перавышэнне ціску ў іх па прычыне замярзання сістэм ацяплення. Як правіла такое адбываецца, калі катлы ўстаноўлены ў неацепленых памяшканнях, дзе зімой нізкая тэмпература паветра, скразнякі. Узрастае і колькасць няшчасных выпадкаў, звязаных з апёкамі і траўмамі. Таму трэба быць максімальна асцярожнымі і выконваць усе правілы супрацьпажарнай бяспекі.

Дарэчы, падчас падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона абследаваны 252 аб’екты, выдадзена 108 пашпартоў гатоўнасці спажыўцам цеплавой энергіі і 56 – цеплакрыніцам. Асноўныя парушэнні, выяўленыя інспектарамі энерганагляду, – адсутнасць цеплавой ізаляцыі на трубаправодах, несвоечасовая паверка манометраў і інш. Часцей за ўсё парушэнні сустракаліся на аб’ектах камунгаса, у жыллёва-будаўнічых кааператывах, установах культуры і адукацыі. Па стане на 1 кастрычніка ўсе парушэнні былі выпраўлены.

Ацяпляльны сезон толькі пачаўся. І тым, хто яшчэ не паклапаціўся пра бяспеку, неабходна адрамантаваць, пачысціць комін, падладзіць грубку, печ, каб не клюнуў “чырвоны певень”. Папярэдзіць усе няшчасныя здарэнні сіламі пажарных-выратавальнікаў ці іншых службаў без асабістага ўдзелу кожнага немагчыма.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *