Вінавата кампанія?

На мінулым тыдні ў раёне праходзіла акцыя “Карысныя канікулы”, накіраваная на прафілактыку падлеткавай злачыннасці, арганізацыю занятасці і кантролю за падлеткамі, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, далучэнне іх да здаровага ладу жыцця. Кожная навучальная ўстанова паклапацілася, каб рабятам розных узростаў на канікулах знайшоўся занятак па душы. Азнаёміцца з пералікам прапаноў можна было на школьных сайтах.

Старшы ўчастковы інспектар ІСН РАУС Дзмітрый Дыдышка расказаў, што супрацоўнікі міліцыі разам з педагогамі наведалі неўладкаваныя сем’і, пастаянна трымалі ў полі зроку рабят, якія ўжо мелі праблемы з законам, арганізавалі дзяжурствы на дыскатэках і іншых масавых маладзёжных мерапрыемствах.

За гэты час былі выяўлены і трывожныя факты: 2 падлеткі распівалі спіртныя напіткі, 10 зна-ходзіліся на вуліцы пасля 23 гадзін без суправаджэння дарослых. Усяго на прафілактычным уліку ў інспекцыі знаходзіцца 35 падлеткаў (з іх 4 дзяўчынкі).

З пачатку года 3 злачынствы ўчынены непаўналетнімі. 17-гадовы жыхар Канюхоў парушыў закон двойчы: спачатку п’яны збіў на вуліцы мужчыну, а потым пад пагрозай прымусіў зняважанага і пабітага чалавека купіць яму спіртное. 17-гадовы жыхар аграгарадка Жарабковічы ў лютым гэтага года ў кампаніі дарослых разбіў аўтамабіль. На рахунку непаўналетніх за студзень-кастрычнік 101 правапарушэнне. Па статыстыцы, самы “спрыяльны” час для іх учынення – з 18 да 22 гадзін.

У адносінах 27 непаўналетніх устанаўліваліся факты ўжывання спіртнога ці знаходжання ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане, 10 учынілі дробныя хуліганствы. Зафіксаваны 2 допускі непаўналетніх (адзін у райцэнтры, другі ў Галаўнінцах) на дыскатэку пасля 22 гадзін, што забаронена заканадаўствам.

Некаторых злачынстваў, учыненых падлеткамі, можна было пазбегнуць, калі б не патуранне з боку дарослых і абыякавасць да таго, чым займаюцца іх дзеці. 34 гора-бацькі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне бацькоўскіх абавязкаў, яшчэ 17 – за спойванне непаўналетніх ці набыццё для іх спіртных напіткаў, 10 – за тое, што іх дзеці знаходзіліся ў позні час сутак без суправаджэння дарослых. Выяўлены 2 факты продажу спіртнога непаўналетнім у крамах раёна.

Пэўную ролю ў прафілактыцы злачыннасці сярод непаўналетніх адыгрываюць спецыяльныя аперацыі, у тым ліку “Падлетак” (сёлета яна праводзілася двойчы). Праграма “Клопат” прадугле-джвала прафілактыку падлеткавай злачыннасці летам. З мэтай папярэджання распаўсюджвання наркотыкаў у маладзёжным асяроддзі перыядычна праходзіць акцыя “Стоп, спайс”.

Работнікі праваахоўных органаў і педагогі – частыя, хоць іншы раз і не вельмі жаданыя, госці ў сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна- небяспечным становішчы.

І яшчэ ракурс — нагляд за захаваннем правоў непаўналет- ніх, дзеля таго, каб змяніць сітуацыю ў “трывожных” сем’ях да лепшага, папярэдзіць адабранне дзяцей. На жаль, не заўсёды гэта атрымліваецца, і колькасць падобных спраў у судах год ад году не меншае. Сёлета ў судзе раёна разгледжаны 3 справы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. У кожным выпадку ў характарыстыцы бацькоў адзначалася схільнасць да злоўжывання алкаголем.

Менавіта п’янства і алкагалізм дыктуюць правілы паводзін сваім прыхільнікам, таму і пачынаць, і працягваць клопат пра дзяцей і падлеткаў трэба з выкаранення вакол іх “перагарнага” паветра.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *